Гарадзенец сканструяваў пісталет, які адкрылі толькі пасля ягонай смерці


Удава знайшла ў кватэры тры прадметы, якія складваюцца ў гладкарульную 9-міліметровую зброю, і аддала іх міліцыі.

Жыхарка Горадні добраахвотна прынесла ў міліцыю тры прадметы, якія канструктыўна нагадвалі складовыя часткі агнястрэльнай зброі. Яна знайшла іх у кватэры пасля смерці мужа. Міліцыя адправіла артэфакты на балістычную экспертызу.

Эксперт Гарадзенскага міжраённага аддзелу Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў усталяваў, што гэтыя прадметы магчыма злучыць у дзве прылады, якія фактычна стануць ручной агнястрэльнай зброяй з гладкай і кароткай руляй калібру 9 мм, і будуць прыдатныя для стральбы.

Афіцыйная прадстаўніца УГКСЭ па Гарадзенскай вобласці Марыя Лешык нагадвае, што самаробная агнястрэльная зброя – тая, што мае надзейную канструкцыю і дастатковыя баявыя ўласцівасці. Яна можа быць выраблена самастойна цалкам або з выкарыстаннем завадскіх частак.

У гэтым выпадку ўсе дэталі самаробныя. Гарадзенскія эксперты адзначаюць, што такія выпадкі ў іх практыцы сустракаюцца нячаста: для самастойнага вырабу зброі неабходна мець веды ў зброевай справе.

ДД

Глядзі таксама
Каментары