Гарадзенец Дзяніс Лук’янаў: «Міліцыянты дакладна білі мяне па нагах і ягадзіцах». СК супярэчыць


Жыхар Гарадзенскага раёну Дзяніс Лук’янаў, якому ампутавалі частку ягадзіцы, у эксклюзіўным інтэрв’ю belsat.eu сцвярджае, што яго сапраўды збілі працаўнікі міліцыі ў форме падчас аўтамабільнага фестывалю «SunDay».

Лук’янаў, які перанёс 7 аперацый, у тым ліку ампутацыю часткі ягадзіцы, днямі быў пераведзены ў звычайную палату з рэанімацыйнага аддзялення. Туды ён патрапіў 9 жніўня з дыягназам «некроз цягліц». Стрыечная сястра Дар’я распавяла медыям, што такі стан Дзяніса выкліканы збіццём міліцыянтамі – нібыта 20 ліпеня на фестывалі SunDay двое АМАПаўцаў моцна збілі нецвярозага мужчыну.

Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава тады заявіла: інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, траўмы атрыманыя «па неасцярожнасці», і ніякіх скаргаў у праваахоўныя органы не паступала ні з боку Лук’янава, ні з боку ягоных сваякоў. Аднак жонка і стрыечная сястра, якая апякуецца Дзянісам, кажуць адваротнае: яны пісалі заяву ў Следчы камітэт і службу ўласнай бяспекі МУС.

Міліцыя свярджае, што не збівала Дзяніса Лук’янава, сваякі – не вераць. Ён у рэанімацыі

17 верасня афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова ў каментары «Нашай Ніве» распавяла, што пасля апытання самога мужчыны, сваякоў, калегаў, міліцыянтаў і медыкаў, следчыя «не выявілі асоб, якія сталі відавочцамі прымянення фізічнай сілы».

Паводле СК, Лук’янаў паслізнуўся на лесвіцы праз 10 дзён пасля фестывалю, а 2 жніўня ўпаў на плітку ў ванай. Адначасова СК паведамляе, што 8 жніўня брыгада хуткай дапамогі, якая прыехала па выкліку, не выявіла пашкоджанняў у мужчыны, але 9 жніўня ён быў шпіталізаваны.

«Пачаліся падсечкі па нагах, потым кінулі на зямлю»

Праз блытаніну ў датах і супярэчлівыя словы бакоў у справе заставаліся белыя плямы.

Мы даведаліся пра падзеі 20 ліпеня ад першай асобы. Дзяніс прызнае, што быў п’яны на фестывалі і некаторыя дэталі (дакладны час здарэння, прозвішчы міліцыянтаў) не памятае праз працяглае знаходжанне ў рэанімацыі і вялікую колькасць медыкаментаў. Аднак сцвярджае: працаўнікі міліцыі ў форме наносілі яму ўдары нагамі.

– Якім чынам адбывалася збіццё?

– Каля намёту стаяла жанчына-міліцыянтка, начальнік міліцэйскі нейкі і звычайныя патрульныя, як па горадзе ходзяць. Не скажу, што гэта быў АМАП, проста звычайныя міліцыянты. Пры затрыманні яны не білі, а потым начальнік гэты пайшоў кудысьці, бо атрымаў паведамленне пра крадзеж мабільнага тэлефону. Я так зразумеў, на месца злачынства.

Вось тады мяне пачалі штурхаць двое ці трое міліцыянтаў. Гэта было вельмі жорстка. Яны стаялі з левага боку ад мяне і пачаліся падсечкі па нагах, потым кінулі на зямлю… Удары прыходзіліся па галёнцы, сцягну і ягадзіцах. Я падаў, мяне падымалі і зноў наносілі ўдары. Дручкоў не было, толькі нагамі білі.

– Вы спрабавалі спыніць гэта неяк?

– Супраціву не аказваў, бо яшчэ горш было б. Памятаю, казаў: «Што вы робіце?». Потым мяне завялі ў намёт і я сядзеў у вугалку, пакуль не прыйшоў начальнік іхны і не склаў пратакол. А пасля ўжо мяне павезлі ў пастарунак.

Гэтак Дзяніс выглядае цяпер у палаце шпіталю. Фота даслалі сваякі

– Каму вы распавялі пра здарэнне першы раз?

– На наступны дзень сябрам сказаў, што мяне паштурхалі нагамі, «патрэніраваліся». Родным спачатку не казаў, каб не перажывалі. Раніцай мне балела нага, але я вырашыў увагі не надаваць. А праз некалькі дзён дачка скокнула мне ззаду на нагу і я ўскрыкнуў ад болю.

– Следчы камітэт сцвярджае, што вы ўпалі на лесвіцы 30 або 31 жніўня.

– Так, паслізнуўся і праехаўся па лесвіцы, трымаючыся за поручань, але там быў не моцны ўдар, хутчэй, па сіле – як пляскач дзіцяці па попе. Балюча не было зусім.

– А ці падалі вы 2 жніўня на плітцы ў ваннай, як паведамляе СК?

– Не. Я прыдумаў гэта, каб не турбаваліся родныя. Падзення не было.

Дзяніс Лук’янаў са сваймі дзецьмі. Фота прадстаўлена сваякамі

– Ці звярталіся вы або вашыя блізкія са скаргай у праваахоўныя органы? Ці апытвалі вас?

– Звярталіся ў СК і ўласную бяспеку, так. Калі я быў у рэанімацыі, з падлучанымі трубкамі для дыхання, [апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. – Belsat.eu] прыйшлі 3-4 асобы, не памятаю, кім назваліся. Я быў у напалову адэкватным стане, адключаўся, яны мяне трэслі і зноў распытвалі, прасілі «агульнае апісанне сітуацыі». Потым прыходзіў міліцыянт з уласнай бяспекі, пытаўся акалічнасці, аж да пагонаў і колеру абутку ў тых, хто мяне збіў. А як я магу гэта прыгадаць? Я ж у такім стане! Следчы таксама апытваў пазней. Усім ім я казаў пра збіццё.

– Прадстаўніца СК кажа, што адзін з наведнікаў фестывалю штурхнуў вас у плячо, ад чаго вы ўпалі на зямлю на спіну і затым вас працягнулі каля 15 метраў да міліцыянтаў. «Мужчына не выключае, што сам памыляўся, хто менавіта нанёс яму ўдары», – лічыць СК. Як вы гэта можаце пракаментаваць?

– Гэта цяпер яны такую версію высунулі, што нейкі невядомы чалавек схапіў мяне за рукі ці за нагу і працягнуў 15 метраў, а міліцыянты мяне нібыта паднялі. Але ж я дакладна памятаю, што мяне збівалі менавіта міліцыянты.

– Якіх дзеянняў з боку міліцыі вы чакаеце цяпер?

– Па-першае, хацелася б атрымаць кампенсацыю, а па-другое – каб гэтых супрацоўнікаў звольнілі.

«На ім адпрацоўвалі прыёмы». Гарадзенец апынуўся ў рэанімацыі пасля збіцця міліцыянтамі

«Арганізатары SunDay дапамаглі нам фінансава»

Стрыечная сястра Дзяніса Дар’я Салянік арганізавала збор сродкаў на патрэбы Лук’янавых: у сям’і трое няпоўнагадовых дзяцей, жонка ў дэкрэтным адпачынку і маці-пенсіянерка.

Паводле яе, за некалькі тыдняў неабыякавыя людзі пералічылі на картку больш за 2000 рублёў.

«Дасылалі па 5-10 рублёў… А асноўную фінансавую дапамогу нам аказалі арганізатары фестывалю SunDay. Калі яны даведаліся пра тое, што здарылася з Дзянісам, прапанавалі дапамагчы з лекамі або грашыма. Я сказала, што мы збіраем сродкі на рэабілітацыю Дзяніса і каб сабраць ягонае дзіця ў школу. Вось ім хочацца асабліва падзякаваць», – кажа Дар’я.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары