Галоўная праблема ў змаганні з эпідэміяй у Беларусі. Інтэрв’ю з каардынатарам акцыі #ByCovid19


Беларускім лекарам, якія змагаюцца з каронавірусам, не хапае асноўных сродкаў абароны ад інфекцыі. Дзяржава не здольная забяспечыць іх усім неабходным абсталяваннем. На дапамогу медыкам прыйшлі валанцёры з акцыі #ByCovid19 і беларускі бізнес. У чым галоўная праблема ў змаганні з эпідэміяй у Беларусі з пункту гледжання валанцёраў? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з праваабаронцам Андрэям Стрыжаком, адным з каардынатараў #ByCovid19.

Сяргей Пеляса: Як цяпер рэальна выглядае справа ў Беларусі з COVID-19 з пункту гледжання валанцёра, які дапамагае ў межах ініцыятывы #ByCovid19, збірае і перадае медыкам ахоўнае абсталяванне ды штодзень з імі камунікуе? Яны не заўсёды могуць казаць праўду.

Андрэй Стрыжак: Можна сказаць, што сітуацыя з падтрыманнем медыкаў у Беларусі, якія змагаюцца з каронавірусам, абсалютна нерэальная. Я нават з вялікім досведам валанцёрскай дзейнасці не мог такога ўявіць, што настолькі шмат людзей адгукнуцца на заклік дапамагчы. Гэта даволі моцны валанцёрскі рух, які мне вельмі нагадвае рух ва Украіне ў 2015–17 гадах.

Ты вядомы ў Беларусі ды Украіне валанцёр, які дапамагаў і дапамагае на Данбасе, што пацярпеў у выніку гібрыднай агрэсіі Расеі. Знаёмыя перадалі мне запіс расповеду доктара адной з раённых больніцаў у Берасцейскай вобласці. Паводле медыка, дзяржава практычна не дапамагае звычайным базавым абсталяваннем, шчыткамі, маскамі, бахіламі і г. д. Дактары атрымліваюць сродкі практычна толькі ад грамадзянаў і валанцёраў. Напрыклад, медыкі хуткай дапамогі ў гэтым райцэнтры Берасцейскай вобласці мусяць ездзіць да пацыентаў з падазрэннем на COVID-19 без бахілаў. Як ты думаеш, чаму Беларусь не ў стане забяспечыць медработнікаў базавымі сродкамі аховы?

Думаю, тут сышліся адразу некалькі фактараў, а самы галоўны – у Беларусі не было дастатковай колькасці вытворчасці. Напрыклад, рэспіратараў належнага класу абароны. Іх проста ў Беларусі не рабілі. Гэта імпартны прадукт, і ніколі не было пытанняў ды праблемаў, бо наш рынак не надта вялікі і не патрабаваў будавання заводу, які б займаўся вытворчасцю толькі рэспіратараў.

На сусветным рынку вельмі шмат прапановаў, у тым ліку Кітай, ЗША з іх добрымі 3M, быў выбар. Улічваючы спецыфіку каронавіруснай інфекцыі, паводле сістэмы Мінздароўя, з ёю павінныя працаваць інфекцыйныя шпіталі. Звычайна ён адзін на вобласць, у які звозяцца ўсе праблемныя пацыенты. Там добра падрыхтаваныя інфекцыяністы працуюць з імі. У іх ёсць супрацьчумныя касцюмы, рэспіратары, акуляры.

Мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі заяўкі ад шпіталяў ішлі на прыдбанне чагосьці, але фактычна купіць гэта было вельмі цяжка, бо ўсе краіны пазакрывалі экспарт. ЗША, напрыклад, прынялі закон, які ўжывалі яшчэ ў час Карэйскай вайны, які абмяжоўвае экспарт стратэгічна важных сыравіны і тавараў, якія павінныя быць скіраваныя на абарону ЗША.

ВІДЭА
Каронавірус падабраўся да Лукашэнкі. Час зачыняць гарады?
2020.04.25 10:21

У Кітаі гэта можна набыць даволі хутка. Я нядаўна набыў маскі і рэспіратары. Яны прыйшлі цягам 10 дзён у Польшчу.

У нас бюракратычная сістэма пабудаваная такім чынам, што яна нягнуткая. Ім складана перабудоўвацца на хадзе.

Атрымліваецца, што грамадская супольнасць проста выступіла страхавым тросам, які ўтрымлівае гэтую сітуацыю.

Адзінае, што магу сказаць: хіба непраўдзіва казаць, што толькі валанцёры выцягваюць сітуацыю. Вельмі моцна ў справу ўключыўся бізнес, беларускі бізнес, IT-бізнес. EPAM і «Wargaming» сваімі высілкамі ў кааліцыі з партнёрам нашай кампаніі, дабрачыннай медыяплатформай «Імёны», змаглі прыцягнуць у Беларусь 700 тысяч рэспіратараў добрага класу.

Гэта неверагодна. Вялікі рэспект «Wargaming», які мае моцныя беларускія карані. Гэтая колькасць касмічная. 700 тысяч – вельмі шмат. У чым галоўная праблема з эпідэміяй у Беларусі? Я не кажу пра стаўленне Лукашэнкі ці непаінфармаванасць.

Ёсць грошы, ёсць бізнес і людзі, якія гатовыя іх даваць, але на рынку нічога няма. Купіць не можа не толькі Мінздароўя, але і звычайныя беларусы. Таму асноўны выклік для мяне ў гэтай кампаніі – адсутнасць на рынку сродкаў аховы. Гэта прывяло да таго, што людзі пачалі вырабляць іх самі. І рабіць іх з не вельмі відавочных рэчаў. Напрыклад, ёсць матэрыял спанбонд, яго выкарыстоўваюць у аграрнай прамысловасці. Ён укрывае глебу, атрымліваецца кшталту цяпліцы. Была вылічаная яго шчыльнасць, і цяпер сотні, калі не тысячы швачак па ўсёй Беларусі шыюць з яго абаронныя камбінезоны.

У Гомлі за дзень пашылі тысячу такіх касцюмаў. Мы купілі каля трох тонаў спанбонду, які раз’ехаўся па ўсёй краіне, і швачкі яго адшываюць. Касцюмаў выйдзе значна больш, каля 15 тысячаў. Зразумела, яны не маюць сертыфікату. Але медыкі выкарыстоўваюць іх на другасных франтах. Фабрычныя супрацьчумныя касцюмы выкарыстоўваюцца непасрэдна ў працы з заражанымі каронавірусам.

Інтэрв’ю
Чаму Лукашэнка не адменіць парад 9 траўня?
2020.04.21 12:26

Наколькі адэкватна рэагуюць улады на пагрозы, якія з сабою нясе эпідэмія?

Я б падзяляў сам феномен дзяржавы. Тое, што мы цяпер бачым у публічнай прасторы, троху дзіўна для Беларусі. Напрыклад, перад праваслаўным Вялікаднем Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не будзе зачыняць дарогі да святыняў, але літаральна на наступны дзень мітрапаліт сказаў, што абраднасць важная, але жыццё важнейшае, сядзіце ўдома.

Цікава, што структуры, якія раней казалі ўсе ва ўнісон, вядуць цяпер сябе па-рознаму. Гэта бачна і па тым, што кажа на брыфінгах Мінздароўя. Яны ўвесь час кажуць пра самаізаляцыю, пра важнасць абароны групаў рызыкі, каб людзі не хадзілі на рынкі, сядзелі ўдома. Раней у Беларусі такога ніколі не было. Мінздароўя працуе ў тых умовах, якія ёсць, і ў тым, што робіцца цяпер асабліва на нізавым узроўні, я збольшага бачу адэкватныя дзеянні ва ўмовах, якія ёсць. Я кажу не пра генеральную лінію, а тое, што я сам бачу. Я бачу прафесіяналаў, якія робяць усё, каб уратаваць жыццё людзей і абараніць працаўнікоў. Ёсць выключэнні, ёсць начальства, якое сыходзіць у адпачынак або за свой рахунак ці на больнічны. Фактычна шпіталь застаецца на людзях, якія раней не кіравалі. Але збольшага я бачу ад медыкаў самаадданасць, гатовасць да ахвяры ды працы ў самых складаных умовах. Мы робім усё, каб іх падтрымаць.

Акцыя #ByCovid19 за час сваёй дзейнасці перадала беларускім медыкам каля 100 тыс. сродкаў абароны ад каронавіруса. Фота з Facebook Андрэя Стрыжака

Як на фоне самаадданасці, якую ты назіраеш з боку лекараў, гучаць словы Лукашэнкі на нарадзе з кіраўніцтвам Беларусі, якімі ён фактычна абвінаваціў дактароў у распаўсюдзе эпідэміі? Відаць, меўся на ўвазе нейкі канкрэтны доктар. Ці кіраўнік дзяржавы не перакладае віны за распаўсюд эпідэміі на дактароў? Гэта справядліва?

Я лічу, што кожны павінен займацца сваёй справаю. Медыкі павінныя лячыць, міліцыянты – абараняць ад злодзеяў. Калі чалавек займаецца ўсім адразу, паўстае пытанне кампетэнцыяў. Мы часта чуем такія выказванні. Шмат каму незразумела, навошта яны, цяпер насамрэч грамадства вельмі абʼяднанае і выступае за медыкаў. Самі медыкі робяць усё, што могуць. Мы жывём у гэтым 26 гадоў, нічога новага ў гэтых словах. Для мяне прынцыпова новае, што ёсць супольнасць, сувязь паміж бізнесам і грамадскасцю ды магчымасці.

Далучайцеся да акцыі #ByCovid19 Дапамога лекарам Беларусі

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 24.04.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў