Каронавірус падабраўся да Лукашэнкі. Час зачыняць гарады?


Лукашэнка абвінаваціў медыкаў у распаўсюджванні эпідэміі. Кіраўнік Беларусі асабіста працягвае ігнараваць меры бяспекі. Улады не ўводзяць у поўнай меры рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя па барацьбе з каронавірусам. А гэтую інфекцыю выявілі ўжо ў гульца хакейнай каманды Лукашэнкі, з якім кіраўнік Беларусі менш за два тыдні таму гуляў у хакей. Колькасць тых, хто захварэў, COVID-19 у Беларусі афіцыйна больш за восем тысяч. У чым прычына такой сітуацыі і куды можа прывесці гэтая стратэгія – у матэрыяле праграмы «ПраСвет».

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з урадам па пытаннях барацьбы з каронавірусам. Складваецца адчуванне, што ён вырашыў канчаткова загубіць свой рэйтынг, абвінаваціўшы ў недастатковым прафесіяналізме… лекараў!

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, заявіў:

«Мы пачыналі гэтую барацьбу толькі сіламі Міністэрства аховы здароўя. І з некаторай такой расслабленасці нашых лекараў. Я б сказаў, што ў асобных выпадках расхлябанасці. І гэта прывяло да таго, што мы атрымалі гэтую заразу ў некалькіх дзясяткаў лекараў. Зайшла, заразілася, панесла заразу ў грамадства. Не павінна быць расхлябанасці. Збярыцеся там, дзе трэба сабрацца».

Гэта значыць, атрымліваецца, што вінаватыя самі медыкі, якія спачатку працавалі без неабходных сродкаў абароны з прычыны іх адсутнасці. А не чыноўнікі і галіновыя міністэрствы, якія своечасова не адрэагавалі на сітуацыю і банальна не падрыхтаваліся да распаўсюджвання каронавірусу ў Беларусі. Такі паварот дадаў яшчэ больш непрадказальнасці ў рыторыку кіраўніка Беларусі.

ВИДЕО
Лукашенко приказал сдержать цены. Что из этого выйдет?
2020.04.11 09:05

Каментуе Андрэй Казакевіч, дырэктар Інстытуту «Палітычная сфера», Менск:

«За гэтым не відаць рацыянальнага стройнага плана, канцэпцыі. Гэта наступствы той памылкі, дапушчанай у пачатку эпідэміі, калі ўлады Беларусі легкадумна да гэтага паставіліся, ды і сам прэзідэнт выказваў, скажам так, спрэчныя ідэі, што датычыць каронавіруса і наступстваў для людзей. Цяпер ён дзейнічае па інерцыі».

І пакуль такія дзеянні прыносяць больш шкоды як для іміджу самога Лукашэнкі, так і для аўдыторыі, якая гэта слухае.

Кажа Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт, Менск:

«Беларускія ўлады больш змагаюцца з панікай, чым інфармуюць. З-за гэтага мала людзей разумеюць, чаго баяцца. Але шмат людзей, якія, магчыма, падстаўляюцца пад небяспеку, хоць маглі б яе пазбегнуць. З-за таго, што рознанакіраваныя сігналы атрымліваюцца ад Міністэрства аховы здароўя і прэзідэнта краіны, людзі не разумеюць, як ацэньваць гэтую праблему».

Такой сітуацыяй скарысталіся ў Маскве. Так, расейскія медыі ў большасці сваёй малююць вобраз Лукашэнкі як COVID-дысідэнта, які верыць у тэорыі змовы і шукае альтэрнатыўныя спосабы лячэння. Яшчэ адзін наратыў – Лукашэнка не спраўляецца з каронавірусам, а значыць, Пуцін павінен прыйсці і выратаваць бедных беларусаў. Відавочна, што да кіраўніка Беларусі такія мэсэджы даходзяць.

«Вось выйшлі на нейкі агідны канал, якія ў Маскве пахаваліся і адтуль плявузгаюць у бок Беларусі. За што яны адказваюць? Ні за што. Думаюць, мы ж іх не дастанем. Трэба – дастанем», – абурыўся кіраўнік Беларусі.

Што праўда, варта рабіць папраўку на той факт, што Лукашэнка не асабіста чэрпае інфармацыю з сеці, а таму можа атрымліваць яе ў злёгку скажоным святле. Да прыкладу, у сеціве абмяркоўваюць тэчкі і розныя раздрукоўкі дакументаў, да якіх звяртаецца кіраўнік дзяржавы падчас публічных сустрэч і выступленняў.

Працягвае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Аляксандр Лукашэнка, як і шмат якія чыноўнікі яго ўзроўню, атрымлівае падрыхтаваны набор інфармацыі – такія тэчкі, дзе адабраная інфармацыя. І вось з гэтых тэчак не зразумела, што важкая крыніца, што – малаважкая, што выходзіць на шырокую аўдыторыю, што – не. І вось атрымліваецца, што тэлеграм-каналы, якія ананімныя і часам распаўсюджваюць фэйкі, выглядаюць такімі ж значнымі, як сур’ёзныя медыі, якія правяраюць інфармацыю».

ВИДЕО
Лукашенко настроен идти до конца в борьбе с коронавирусом
2020.04.06 10:34

Беларускія дзяржаўныя медыі тым часам працягваюць адсоўваць тэму каронавіруса на далёкі план. Што праўда, некаторыя з іх ужо сталі распавядаць пра высілкі медыкаў па барацьбе з COVID-19 і валанцёраў, якія арганізоўваюць ім дапамогу. Аднак часта назва валанцёрскай кампаніі ў такіх сюжэтах не згадваецца. А некаторыя медыі нават само слова «каронавірус» не згадваюць. Зразумела, па чыім прыкладзе.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў:

«Яшчэ раз паўтараю – ад каронавіруса нават у вас у Магілёўскай вобласці ніхто не памёр – паміраюць ад хранічных хвароб».

А што скажуць пра гэта спецыялісты?

Каментуе лекар Алесь Лобан. Медык з 20 гадовым стажам жыве ў Нідэрландах:

«Вось на «Тытаніку» ж таксама ніхто не памёр ад айсберга непасрэдна. Можа быць, калі айсберг ударыў у «Тытанік», кавалак лёду адляцеў і ўдарыў камусьці ў галаву, ну адзінкам. А астатнія патанулі або змерзлі ў халоднай вадзе. Гэта абсалютныя паралелі. Вядома ж, вірус дае штуршок, выступае такім трыгерам пагаршэння працэсаў у органах, якія ўжо ненармальна функцыянуюць , але без гэтага людзі жылі б яшчэ гадамі».

Улады тым часам вырашылі назад не здаваць і не адмаўляцца ад суботніка 25 красавіка і параду 9 мая. Рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя па адмене масавых мерапрыемстваў – па баку.

«Вядома, неабходна абмяжоўваць кантакты і перамяшчэнне грамадзянаў. У першую чаргу, у тых рэгіёнах, якія найбольш пацярпелі ад каронавіруса. Можа быць, гэта гучыць жорстка, але я лічу, што і Менск, і Віцебск, і шматлікія раённыя цэнтры Віцебскай вобласці павінны быць зачыненыя», – кажа Алесь Лобан.

ВИДЕО
Лукашенко будет держаться до последнего белоруса. Соседи отправят нас на карантин?
2020.04.04 09:10

«Ужо даўно варта было б памяняць калі не самую рыторыку, то прынамсі акцэнты. Большы акцэнт рабіць на пытанні прафілактыкі, нават проста бытавой. Магчыма, паказаць прыклад, што можна і маску насіць у пэўных сітуацыях. І можна выконваць рэкамендацыі медыкаў не толькі звычайным людзям, але і самому прэзідэнту», – каментуе Андрэй Казакевіч.

Паводзіны Лукашэнкі і астатняй наменклатуры, якая дэманструе грэбаванне банальнымі мерамі бяспекі, сталі выглядаць гратэскава. Высветлілася, што каронавірусам заражаны яго партнёр па хакейнай камандзе Дзмітрый Мялешка, з якім кіраўнік Беларусі ганяў шайбу 11 красавіка. Лёд супраць COVID-19 не дапамагае. Насуперак упэўненасці кіраўніка Беларусі.

Зміцер Міцкевіч/МВ, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 24.04.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж: Natalia Fedosenko/TASS/Forum, Sergei Savostyanov / TASS / Forum

Стужка навінаў