Гайд па беларускіх пратэстах


Другі месяц пратэстаў у Беларусі – гэта ўжо працэс, які абрастае ініцыятывамі, суполкамі, арганізацыямі і праектамі, праз якія беларусы падтрымліваюць адзін аднаго, распаўсюджваюць інфармацыю, дапамогу, ідэі. «Белсат» падрыхтаваў кароткі гайд па найбольш папулярных пунктах пратэстнай актыўнасці беларусаў.

Гайд няпоўны, бо актыўнасць прыхільнікаў перамен дапаўняюць сэрвісы, якія аказваюць бясплатныя паслугі, бізнэс, які пералічвае грошы ад продажаў пацярпелым, тэматычныя творчыя аб’яднанні ды шмат-шмат чаго іншага.

Інфармацыя і тэхналогіі

Існуе два буйных праекты пра брэнды. Першы ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» пра тыя брэнды і бізнэсы, якія з народам.

«Закліканы аб’яднаць кампаніі, якія гатовыя выказаць падтрымку народных патрабаванняў. Так яны змогуць атрымаць падзяку і падтрымку за адважнае рашэнне. А пакупнікі змогуць даведацца, якія кампаніі заслугоўваюць іх перавагі», напісана у прэзентацыі праекту.

Другі гэта прыкладанне «Крама», якая дазваляе праз сканаванне штрыхкода выяўляць прадукцыю, праз пакупку якой адбываецца фінансаванне карнага рэжыму. Прыкладанне працуе як на Android, гэтак і iOS.

Таксама варта адзначыць «Блэк ліст». Гэта база кампаніяў і сэрвісаў, якія падтрымліваюць рэжым і якія прапанавана не спансараваць, карыстаючыся іхнымі таварамі і паслугамі.

Кіберпартызаны сумесна з суполкаю анархістаў стварылі «Чорную мапу Беларусі», дзякуючы якой можна паглядзець, ці жывуць побач з вамі супрацоўнікі карных органаў.

Пушкінская, 3 кастрычніка. Фота чытачоў

Самаарганізацыя і кам’юніці

Што да сааарганізавання, інтэрнаўты стварылі зручную ў карыстанні мапу, на якой можна знайсці чаты супольнасцяў у вашым горадзе, раёне, двары.

У базе чатаў па адкліканні дэпутатаў таксама можна знайсці адпаведную пазіцыю па вашым месцы жыхарства.

Для тых, хто не хоча ці не можа ўдзельнічаць у вулічных акцыях, тэлеграм-супольнасць «Канапавыя войскі Беларусі» арганізуе грамадзян, які хочуць супрацьстаяць інфармацыйнай вайне, дзяржаўнай прапагандзе і распальванню варожасці.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Дапамога затрыманым і пацярпелым падчас пратэстаў

Чаты ў Тэлеграм, якія займаюцца пытаннямі затрыманых: па каардынацыі і інфармаванні адносна затрыманых у жодзінскай турме Жодзіна-2020 і Жодзіна-затрыманне; па затрыманых, якія знаходзяцца на Акрэсціна і ў Жодзіна; чат дапамогі затрыманым. Але акрамя чатаў неабходна ўзгадаць і праваабарончы цэнтр «Вясна», які вельмі шмат робіць для дапамогі затрыманым і іх блізкім. Па гэтай спасылцы можна знайсці ўсе неабходныя кантакты з дасведчанымі абаронцамі правоў чалавека.

Цэнтр медычнай дапамогі існуе для тых, хто пацярпеў падчас пратэстаў. А тут збор сродкаў на аплату штрафаў і падтрыманне рэпрэсаваных сем’яў.

Акцыя салідарнасці настаўнікаў. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Дапамога асобам, якія згубілі працу

Беларускі фонд салідарнасці дапамагае асобам, якія праз грамадска-палітычную актыўнасць пазбавіліся працы. Ініцыятыва ByChange дапамагае авалодаць новай прафесіяй, атрымаць новыя веды і адпаведную працу.

Праект, накіраваны на дапамогу менавіта супрацоўнікам сілавых структур, якія пазбавіліся працы з-за сваёй грамадскай пазіцыі, таксама паспяхова развіваецца. А тут рэсурс падтрымкі сябраў выбарчых камісіяў, якія адмовіліся фальсіфікаваць вынікі выбараў, праз што згубілі працу.

Адная з ініцыятываў па перакваліфікацыі дапамагае бастуючым перайсці працаваць у IT-галіну.

«Свабодная школа» арыентаваная не толькі на настаўнікаў, але таксама бацькоў і дзяцей, якія сутыкнуліся з ціскам у сістэме адукацыі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Ленінскае РУУС
Сваякі і сябры затрыманых 12 верасня 2020 года каля будынку Ленінскага РУУС.
Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Агрэгатары розных накірункаў дапамогі

Інфармацыйны цэнтр дапамогі функцыянуе як агрэгатар, дзе можна як прапанаваць уласную дапамогу, а таксама даведацца пра шырокі спектр накірункаў дапамогі, якую можна атрымаць: ад юрыдычнай і праваабарончай да псіхалагічнай і транспартнай.

Ініцыятыва «Хуткая дапамога» ад «Сумленныя людзі» звязвае між сабою тых, каму патрэбная дапамога з тымі, хто гатовы яе аказаць. Аналагічны агрэгатар «Узаемадапамога ў Беларусі» ахоплівае нават такія накірункі, як лагістыка, харчаванне, вопратка.

Фонд Валера Цапкала «Беларусь будучыні» ажжыццяўляе шырокі спектр дзейнасці: збор сродкаў, юрыдычная, фінансавая, кансультацыйная, праваабарончая дапамога, а таксама ў атрыманні адукацыі і працаўладкаванні. Праз адмысловую форму можна атрымаць дапамогу рознага кшталту ад «Фронту нацыянальнага выратавання», а таксама ад кампаніі «BY_Help».

Кірыл Стаселька Belsat.eu

Стужка навінаў