Паводле інфармацыі, распаўсюджанай Федэральнай службай бяспекі Расеі, двое падлеткаў 2005 года нараджэння затрыманыя ў Саратаве «пры рыхтаванні ўзброенага нападу на адну з гарадскіх школ», паведамляе ТАСС.
ФСБ сцвярджае, што падазраваныя захоўвалі ў тайніку на тэрыторыі закінутага бамбасховішча абрэз паляўнічай стрэльбы. Таксама пры нападзе яны нібыта мелі намер выкарыстоўваць самаробныя запальныя сумесі.
Падлеткі гуртаваліся «у розных інтэрнет-суполках, якія прапагандуюць ідэалогію масавых забойстваў і суіцыду», дадалі ў ФСБ.
У дачыненні да затрыманых распачата крымінальная справа аб падрыхтоўцы да забойства.
На відэа, распаўсюджаным спецслужбай, затрыманыя падлеткі даюць прызнальныя паказанні. Яны сказалі, што мелі намер з помсты напасці на школу ў траўні 2020 года і забіць прыкладна 40 чалавек.
КА belsat.eu