Журналістка «Белсату» Ірына Арахоўская ды фатограф Naviny.by Сяргей Балай трапілі ў сюррэалістычную сітуацыю.
Маёр Дзмітрый Шантыр з Цэнтральнага РУУС Менску абвінаваціў журналістаў у тым, што яны «прымусілі ўлезці хлапцоў [дэсантнікаў. – Belsat.eu] у фантан».
«Сёння, як і заўжды, ПДВшнікі тусілі ў фантане, а мы здымалі. За ўсім назіраў супрацоўнік Цэнтральнага РАУС Дзмітрый Шантыр. Пазней ён падышоў да нас і сказаў, што я і фатограф Naviny.by Сяргей Балай прымусілі ўлезці хлапцоў у фантан, каб зрабіць здымкі. А пасля ўвогуле забараніў нам здымаць», – распавяла Ірына Арахоўская.
Міліцыянт таксама прыгразіў Ірыне Арахоўскай, што ў выпадку публікацыі здымкаў на Belsat.eu на яе будзе складзены пратакол (арт. 22.9 КаАП – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, а фактычна – праца на замежны СМІ без акрэдытацыі.)
Штогод 2 жніўня дэсантнікі адзначаюць Дзень ПДВ. Фотарэпартаж Ірыны Арахоўскай можна паглядзець ТУТ.
За першыя 6 месяцаў гэтага году суддзі пастанавілі спагнаць з журналістаў нашага тэлеканалу больш за Br 46 000.
ЮВ, belsat.eu