Еўразвяз выразіў занепакоенасць рэпрэсіямі ў Беларусі і заклікае ўлады правесці сумленныя выбары


Афіцыйны ліст ад Жузэпа Бурэля, вярхоўнага камісара ЕЗ у справах замежнай палітыкі, апублікаваў у сваім Facebook еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус.

Еўрапейскі звяз выражае занепакоенасць рэпрэсіямі ў Беларусі, а таксама заклікае ўрад правесці сумленныя выбары. Гэткі адказ ад Жузэпа Бурэля, вярхоўнага камісара ЕЗ у справах замежнай палітыкі, атрымаў дэпутат Еўрапейскага парламенту ў пытаннях Беларусі Пятрас Аўштравічус.

https://www.facebook.com/PetroAustreviciausbiuras/photos/a.1484707851767486/2692867514284841/

«У кантэксце сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня Еўразвяз заклікае беларускія ўлады правесці паўнавартасныя канкурэнтныя выбары. ЕЗ выразіў занепакоенасць нядаўнімі затрыманнямі мірных пратэстоўцаў, журналістаў і апазіцыянераў у Беларусі, што парушае свабоду сходаў і слова. Мы папрасілі беларускія ўлады ўстрымацца ад любым абмежаванняў правоў патэнцыйных кандыдатаў, пазбягаць любых затрыманняў мірных пратэстоўцаў і неадкладна вызваліць усіх затрыманых актывістаў», — гаворыцца ў лісце.

Таксама ЕЗ заклікае Беларусь запрасіць у краіну назіральнікаў місіі БДІПЧ АБСЕ.

«Мы верым, што бяспечныя, мірныя, свабодныя і справядлівыя выбары будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю Беларусі, замацуюць ейны суверэнітэт і незалежнасць, узмацніць эканамічны росквіт беларускага народу і працягнуць шлях да больш шчыльнай супрацы з ЕЗ», – напісаў еўракамісар.

Бурэль адзначыў, што Еўразвяз будзе прытрымлівацца на тых жа пазіцыях у дачыненні да павагі правоў чалавека і дэмакратыі.

Раней еўрадэпутаты неаднаразова патрабавалі ЕЗ увесці санкцыі супраць беларускіх уладаў праз парушэнне правоў чалавека.

Таксама Еўразвяз патрабаваў вызваліць палітычных актывістаў. Аднак пакуль што ўсе 25 палітычных зняволеных застаюцца за кратамі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў