Еўразвяз будзе фінансаваць праекты ў Беларусі


Беларусь і Еўразвяз створаць працоўную групу па новых узаемавыгадных праектах. Пра гэта паведаміў сёння журналістам еўрапейскі камісар па бюджэце і чалавечым рэсурсаў Гюнтэр Этынгер пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведамляе БелТА, еўракамісар адзначыў, што ў ЕЗ цяпер распрацоўваецца бюджэт практычна на бліжэйшыя дзесяць гадоў, у ім адведзена месца і пад фінансаванне праектаў па лініі «Усходняга партнёрства». Частка з іх будзе рэалізавана ў Беларусі.

«У нас ёсць магчымасць, і мы бачым неабходнасць у нарошчванні аб’ёму фінансавання гэтых праектаў. Мы дамовіліся стварыць свайго роду працоўную групу з экспертамі з Беларусі і Еўрапейскай камісіі ў Бруселі для таго, каб абмеркаваць канкрэтныя напрамкі супрацы і будучыя праграмы», – сказаў Этынгер.

Адным з такіх важных напрамкаў, на думку Этынгера, зʼяўляецца ўдасканаленне транспартнай інфраструктуры, пашырэнне і развіццё трансгранічнай транспартнай сеткі.

Паводле словаў Этынгера, у межах «Усходняга партнёрства» плануецца распрацаваць «шэраг прагматычных, практыка-арыентаваных праектаў, якія будуць насіць узаемавыгадны характар». Перш за ўсё яны будуць датычыць эканамічнай сферы. Канкрэтныя сумы, закладзеныя ў праекты, не агучваюцца.

Еўракамісар таксама канстатаваў нармалізацыю двухбаковага дыялога паміж Беларуссю і ЕЗ за апошні час і адзначыў ролю Менску ў працэсе ўрэгулявання канфлікту ва Украіне.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў