Экс-прэзідэнта Кыргызстану пазбавілі статусу недатыкальнасці. Яго падазраюць у карупцыі


Парламент Кыргызстану пазбавіў экс-прэзідэнта Алмазбека Атамбаева статусу недатыкальнасці: за гэтае рашэнне прагаласавалі 103 дэпутаты, супраць – шасцёра. Такім чынам, следчыя органы атрымалі права на допыт і затрыманне Атамбаева. Пра гэта піша knews.kg.

На пасяджэнні выступіў генпракурор Аткурбек Джамшытаў, які заявіў, што ёсць «падставы падазраваць Атамбаева ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў на пасадзе прэзідэнта рэспублікі». Джамшытаў адзначыў, што існуюць паказанні шэрагу былых вышэйшых чыноў краіны, якія «сведчаць аб дачыненні Атамбаева да карупцыі», адзначае DW.

Генеральная пракуратура падазрае Атамбаева ў незаконным вызваленні крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева, незаконным узбагачэнні і завалоданні маёмасцю, карупцыі пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкека і незаконных пастаўках вугалю. Па ўсіх гэтых пунктах распачатае дасудовае разбіральніцтва паводле артыкула 319 ( «Карупцыя») Крымінальнага кодэкса Кыргызстану.

Атамбаеў у сваю чаргу назваў абвінавачванні ў свае адрас «лухтой і абсурдам». Паводле экс-прэзідэнта, паказання супраць яго былі атрыманыя пад ціскам. На паседжанні ў парламенце Атамбаеў не прысутнічаў.

Атамбаеў лічыць свой пераслед помстай цяперашняга прэзідэнта Кыргызстану Сааронбая Джэенбекава.

«Сааронбай Джэенбекаў запусціў махавік беззаконня і прававога бязмежжа. Відавочна, што падымаючыся за гэтым махавіком хваля знясе як самога Джэенбекава, так і яго пачварны сямейна-кланавы рэжым», – адзначыў Атамбаеў.

Атамбаеў быў прэзідэнтам Кыргызстану з 1 снежня 2011 па 24 лістапада 2017 года. Яго кіраванне адзначана шэрагам карупцыйных скандалаў. У 2017 годзе палітык саступіў месца прэзідэнта Сааронбаю Джэенбекаву.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў