«Ехаў з думкай, што тут нікога не будзе». Як адзначылі «Купалле» у Александрыі


Першае, што бачаць госці фестывалю пасля праходу паста аховы.
Фота: «Белсат»

«Александрыя збірае сяброў» – пакуль што самы маштабны фестываль 2020 года ў Беларусі. Іншыя імпрэзы і гулянні папросту адмянілі ці перанеслі праз пагрозу распаўсюду каронавірусу, але «Купалле» у Александрыі адбылося не зважаючы ні на што.

Атмасфера ў Александрыі традыцыйна спецыфічная. З-за прысутнасці шматлікіх чыноўнікаў і Аляксандра Лукашэнкі, меры бяспекі павышаныя ў шмат разоў. Далёка ад аграгарадка ўздоўж дарогі ўжо стаяць патрулі ў святочных белых кашулях. Чым бліжэй да эпіцэнтру «Купалля», тым болей аховы. На самім фестывалі супрацоўнікі праваахоўных органаў ходзяць у цывільным. Яшчэ больш за навушнік і рацыю, іх выдае напружаны твар і пранікнёны позірк.

За фотазонай – галоўная сцэна. Уваход да яе толькі па квіткам.
Фота: Васіль Коркін / «Белсат»

Няма такога месца на фестывалі, дзе б не было патруля. Але гэта не замінае гасцям ужываць алкагольныя напоі, якія шырока прадстаўлены ў продажы. Не сакрэт, што і госці тут спецыфічныя: многія дзяржаўныя служачыя проста абавязаны наведаць свята ў Александрыі. Але ў нас атрымалася знайсці тых, хто прыехаў сюды па свайму жаданню.

Трое дзяўчат без масак, але з вянкамі на галаве. Адна з іх Марына запэўніла, што адпачывае ў Александрыі штогод.

«З тых часоў, калі Купалле перанеслі з Магілёва ў Александрыю, я прыязджаю сюды. Вельмі люблю гэтае свята. А яшчэ мне падабаецца секцыя з народнай творчасцю, тут прадстаўлены дамы рамёстваў з усёй Беларусі. Я паглядзела іхныя строі, ручнікі, бо і сама зараз займаюся вырабам беларускага строю», – кажа Марына. На думку жанчыны, нам усім трэба вучыцца жыць з каронавірусам, бо ён з намі надоўга.

Марына сумуе па часам, калі Купалле святкавалі ў Магілёве.
Фота: Васіль Коркін / «Белсат»

Пра каронавірус на прэзідэнцкім фестывалі асабліва нічога і не нагадвае. Людзі шчыльна сядзяць за столікамі вулічных кафэ, ці гуляюць у натоўпе паміж радамі. Ні пра якую дыстанцыю ў дадзеным выпадку казаць немагчыма. Усё выглядае так, як і было ў папярэднія разы.

Госці фестывалю ходзяць пераважна без масак. Адзіныя, хто да канца прытрымліваўся мераў бяспекі – гэта супрацоўнікі харчовых кропак: яны ўсе ў масках і пальчатках, а некаторыя нават працавалі за празрыстай перагародкай.

Піва, квас і антысептык – стандартная прапанова ў Александрыі.
Фота: Васіль Коркін / «Белсат»

У санітарнай зоне фестывалю побач з біа-туалетамі стаялі кранікі з вадой для мыцця рук. Тут жа можна было скарыстацца мылам і сурвэткамі. Але гэтыя захады не новыя, яны былі на фэсце штогод. Адзінае, што з’явілася дзякуючы каронавірусу – гэта тыя ж антысептыкі.

Малая канцэртная пляцоўка.
Фота: Васіль Коркін / «Белсат»

Прадстаўнік сферы паслугаў Генадзь распавёў нам, што ў апошні момант ад удзелу ў свяце адмовілася частка ІПэшнікаў. «Спужаліся каронавірусу ці проста думалі, што на фестывалі не будзе людзей. Я і сам ехаў з думкай, што тут нікога не будзе і я не зараблю. І сапраўды, да 5 гадзін вечара людзі не падыходзілі, і толькі пасля сталі замаўляць. У мінулы год актыўнасць была значна большай», – кажа Генадзь.

Сам Генадзь не баіцца каронавіруса, бо ўжо перахварэў ім. Для яго «Купалле» у Александрыі – адзіная магчымасць папрацаваць на фестывалях. Бо іншыя буйныя мерапрыемствы – «Рыцарскі фэст» у Мсціславе і «Бард-рыбалку» у Чачэвічах сёлета адмянілі.

Кранікі для мыцця рук.
Фота: Васіль Коркін / «Белсат»

Адзін з нешматлікіх гасцей Александрыі, які прыйшоў на фестываль у маске, распавёў нам, як ставіцца да каронавірусу.

«У нас пандэмію ніхто не адмяняў. А тым больш я з Воршы, там зараз вялікі ачаг хворых. Я адчуваю сябе нармальна, у бяспецы. Чаму іншыя без масак? У нашага народа такі менталітэт, што ён не ўспрымае, пакуль не закране менавіта яго. З боку дзяржавы папярэджанні ідуць і да гасцей і да ўдзельнікаў, а як сябе паводзіць – уласны выбар кожнага», – сказаў спадар Валянцін.

Валянцін з Воршы ўвесь фестываль быў у масцы.
Фота: Васіль Коркін / «Белсат»

Валянцін прыехаў на «Купалле» у Александрыю, бо лічыць яго галоўным святам у Беларусі: «Пасля Славянскага базару ў Віцебску, канешне. Мне вельмі падабаецца і дзякуй нашаму прэзідэнту, што ўсё ён так добра арганізаваў на сваёй малой радзіме. Раней сюды прыязджалі і Балцкія краіны і Польшча, але праз каронавірус сёлета іх няма. Я думаю, што іх таксама тут чакалі, але яны самі не захацелі ехаць», – сказаў спадар Валянцін.

Ганна з Украіны разлічвае на беларускія фестывалі.
Фота: Васіль Коркін / «Белсат»

Сярод рамеснікаў і гандляроў мы знайшлі такі іншаземных гасцей. Ганна прыехала ў Александрыю з мястэчку Ярэмча ва Украіне, яна кажа, што застанецца ў Беларусі і на Славянскі базар. Для яе гэта першыя фестывалі з сакавіка, калі Украіна закрылася на каранцін.

«Беларусы даслалі нам запрашэнне на фестываль і сказалі зрабіць тэсты. У нас больніцы ўсе зачыненыя, тэсты можна зрабіць толькі ў прыватных клініках, за 50 долараў. Мы рабілі тэсты і ў сябе і тут у Магілёве. Разам з намі на «Купаллі» стаіць 3 украінскія кропкі і 2 расейскія. Канешне, гэта замала, раней было значна болей. Але мы рады, што змаглі сюды прыехаць. Дома зараз зарабіць ніяк нельга: ва Украіне каранцін да 31 ліпеня. Працаваць мы не можам, але і людзі не могуць набываць наш тавар – няма за што. Некаторыя людзі разарыліся і сышлі з рамесніцтва», – кажа Ганна. Яна не баіцца захварэць на каронавірус у Беларусі, бо так жа сама можа захварэць і дома.

Купалле ў Александрыі 2020.
Фота: Васіль Коркін / «Белсат»

Для беларускіх рамеснікаў «Купалле» у Александрыі таксама першы фестываль, куды яны змаглі выехаць. Усе замежныя паездкі адмяніліся, усе мясцовыя святы – таксама. Таму на Александрыю людзі ўскладвалі вялікія спадзевы. Тут заўсёды было багата гасцей. Але толькі не ў гэтым годзе. Усе нашыя суразмоўцы заявілі, што зараз людзей значна паменела. І яны звязваюць гэта толькі з каронавірусам: людзі не хочуць рызыкаваць сваім здароўем, а таксама адчуваюць пэўныя матэрыяльныя праблемы праз той жа каронавірус.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, як Беларусь можа дасягнуць лепшай будучыні
2020.07.12 09:36

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў