6 студзеня міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей правёў тэлефонныя перамовы з дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа.
«У ходзе гутаркі кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства ЗША растлумачыў прычыны пераносу тэрміну свайго візіту ў Беларусь. – гаворыцца ў паведамленні МЗС Беларусі – Падчас абмеркавання сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне Уладзімір Макей выказаў асуджэнне любых дзеянняў, якія парушаюць прывілеі і імунітэты дыпламатычных прадстаўніцтваў, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах».
Дакладная прычына пераносу візіту ў паведамленні МЗС не называецца. Імаверна гэта звязана пагаршэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе.
3 студзеня па загадзе прэзідэнта ЗША Доналда Трампа амерыканскія вайскоўцы забілі ў Багдадзе іранскага генерала Касэма Сулеймані, кіраўніка спецпадраздзялення «Аль-Кудс», які ўваходзіць у Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі. У адказ на гэта іракскія ўлады ўвялі абмежаванні на наземнае і паветранае перамяшчэнне сілаў міжнароднай кааліцыі на тэрыторыі ўсёй краіны. А Іран паабяцаў зладзіць ЗША «другі В’етнам».
ЮВ belsat.eu