Багдад увёў абмежаванні на наземнае і паветранае перамяшчэнне сілаў міжнароднай кааліцыі на тэрыторыі Іраку, паведаміў прадстаўнік іракскіх узброеных сілаў Абдэль Керым Халф.
«Дзейнасць міжнароднай кааліцыі ў Іраку будзе абмежаваная кансультацыямі, узбраеннем і трэніроўкамі ваеннага персаналу, а ўзброеныя сілы пакінуць Ірак», – заявіў іракскі вайсковец, адзначыўшы, што ўжо пачалася падрыхтоўка механізму для вываду замежных войскаў.
Напярэдадні парламент Іраку ўхваліў рэзалюцыю з патрабаваннем да іракскага ўраду вывесці з тэрыторыі краіны ўсё замежныя войскі.
Такім чынам іракскія ўлады адрэагавалі на спецаперацыю амерыканскіх вайскоўцаў у Багдадзе, у выніку якой забілі камандзіра іранскага спецпадраздзялення «Аль-Кудс» Касэма Сулеймані і намесніка кіраўніка Сілаў народнай мабілізацыі (СНМ) Іраку Абу Махдзі аль-Мухандіса (у ЗША лічыцца тэрарыстам).
Паводле «The National Interest», 80 % байцоў СНМ мелі падтрыманне з боку іранскага Корпусу Вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР). «Аль-Кудс» Сулеймані уваходзіць у склад КВІР.
ЮВ belsat.eu