Заяву міністру інфармацыі занеслі журналісты дзяржаўных СМІ.
Журналісты дзяржаўных медыяў стварылі афіцыйны зварот на адрас міністра інфармацыі Беларусі, паведамляе Tut.by.
Падпісанты звароту просяць дапамагчы ў вызваленні затрыманых журналістаў, не пазбаўляць жыхароў краіны якаснай сувязі і не перашкаджаць працы навінавых парталаў.
Пад зваротам падпісаліся больш як 40 чалавек, сярод іх больш кожны трэці – працаўнік БелТА.
Таксама супрацоўнікі газеты «Звязда» «з неспакоем і болем» глядзяць на тое, што адбываецца ў краіне.
«Звяздоўцы выказваюць падтрымку ўсім без выключэння, хто пацярпеў у канфліктах апошніх дзён, іх сем’ям і блізкім. Мы заклікаем паважаць журналістаў, якія працуюць на месцы падзей і выконваюць свой прафесійны абавязак. Заклікаем не ўжываць сілу ў дачыненні да тых, хто выказвае сваё меркаванне, і не праяўляць агрэсію, няважна, на якім баку вы знаходзіцеся. Заклікаем усіх паважаць закон, але найперш – чалавечую годнасць. Гвалт можа спарадзіць толькі гвалт», – гаворыцца ў звароце выдання.
Журналісты падкрэслілі, што паводле беларускага заканадаўства кожны грамадзянін краіны мае права адкрыта выказваць сваю пазіцыю, а правы і свабоды з’яўляюцца неадʼемнай часткай гарманічнага і згуртаванага грамадства.
МГ belsat.eu