Дзяніс Івашын: Улады могуць застрашваць і правакаваць да радыкальных дзеянняў


У сеціве разыходзяцца відэа, на якіх цэлыя групы невядомых людзей у спартовых касцюмах і балаклавах збіваюць мінакоў дручкамі ды б’юць шыбы ў кавярні.

Відавочцы пацвярджаюць у сацыяльных сетках, што на людзей, якія вярталіся з мірнага Маршу адзінства ў Менску, напалі невядомыя ў цывільнай вопратцы, білі дручкамі нават тых, хто ляжаў. Ціхары разбілі таксама шыбы ў кавярні «Oʼpetit» на Нямізе і жорстка затрымалі мужчынаў, якія былі там усярэдзіне.

Паводле шмта якіх Тэлеграм-каналаў, а таксама медыяў, невядомыя з дручкамі – гэта супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Такую выснову робяць, бо сярод асобаў у цывільным з дручкамі быў заўважаны начальнік ГУБАЗіКа, палкоўнік Мікалай Карпянкоў. Таксама ёсць фота, дзе ён асабіста б’е шкло.

Hавiны
МУС: Пераследавалі пратэстоўцаў і разбілі дзверы ў кавярні
2020.09.06 22:42

Журналіст і даследнік вайсковых фармаванняў, што ваявалі на Данбасе, рэдактар беларускай службы «Інфармнапалм» Дзяніс Івашын, падкрэсліў у размове з «Белсатам», што, паводле ягоных крыніцаў, невядомыя ў балаклавах з дручкамі могуць быць прадстаўнікамі ГУБАЗіКа.

«Гэта вельмі нагадвае выкарыстанне сілавікамі ва Украіне падчас Рэвалюцыі Годнасці так званых цітушак, якія бегалі з дручкамі і збівалі сустрэчных. Гэта адназначна незаконныя дзеянні. Для нас жа гэта абсалютна новая рэальнасць, у нас раней такога не было. Былі ціхары, якія здзяйснялі затрыманні, але ў іх не было ніякіх спецсродкаў. Зараз мы бачым, што невядома хто – мы не можам іх ідэнтыфікаваць – бегаюць і бʼюць шыбы. А гэта ж рэальная эскалацыя», – заўважыў адмысловец.

Начальнік ГУБАЗіКа, палкоўнік Мікалай Карпянкоў.
Фота: Onliner.by
Начальнік ГУБАЗіКа, палкоўнік Мікалай Карпянкоў.
Фота: Onliner.by

Паводле эксперта, байцы з дручкамі перадусім маюць на мэце запалохаць людзей, застрашыць, каб яны не выходзілі на пратэсты. Прычым сілавікі далі знак, што людзі могуць быць траўмаваныя і затрыманыя ў кожным месцы – нават у кавярнях.

«Гэта сапраўдны тэрор! Тое, што робяць, гэтыя байцы – гэта нічым не рэгламентавана. Калі яны ў цывільнай вопратцы, то яны не могуць выкарыстоўваць спецсродкі. Калі ж стаіць задача іх выкарыстаць, то яны мусяць быць у форме, мусяць быць знакі адрознення, па якіх можна меркаваць, што гэта супрацоўнікі міліцыі. Калі яны патрабуюць выканання закону, то мы абавязаныя ім падпарадкоўвацца. Але як мы можам падпарадкоўвацца некаму з дручкамі? А раптам гэта бандыты? Гэтыя здарэнні мяне шакавалі. А раптам яны пачнуць забіваць людзей? Ім жа за гэта нічога не будзе, бо іх немагчыма апазнаць», – заўважыў Дзяніс Івашын.

Паводле яго, зʼяўленне байцоў у цывільным – гэта стаўка ўладаў на далейшую сілавую эскалацыю ў Беларусі.

«Я не ведаю, як людзі будуць сябе паводзіць у адказ. Нехта з іх можа спрабаваць сябе абараніць. Нехта можа выйсці з электрашокерам, нехта – з газавым балончыкам, а нехта – таксама з дручком. Калі ж яны выкарыстаюць гэта ў сутычцы з міліцыянтам – гэта адназначна крымінальная справа, бо гэта будзе разглядацца як ужыванне гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі. Я не выключаю, што сюды могуць уключыцца і «засланыя казачкі» з Расейскай Федэрацыі, якія пад выглядам пратэстоўцаў стануць граміць крамы, займацца марадзёрствам. Гэта могуць быць так званыя расейскія турысты, якія прыязджалі ва Украіну ў 2014-ым годзе», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Ён нагадаў, што ўсе акцыі пратэсту ў Беларусі – выключна мірныя. А ўлады ўжо цягам месяца не могуць суцішыць гэтыя пратэсты, таму цяпер, магчыма, шукаюць новыя спосабы, каб іх спыніць.

«Сілавыя дзеянні невядомых байцоў могуць правакаваць пратэстоўцаў да адпаведнага сілавога адказу. Гэтак улады могуць шукаць нагоду да поўнамаштабнага выкарыстання сілы, у тым ліку да прыцягнення расейскіх сілавікоў, пра якіх успамінаў Пуцін, кажучы пра дапамогу Лукашэнку. Мяркуючы па ўсім, паліттэхнолагі ды спецыялісты з Расеі ўжо цяпер на ўзроўні кансультацыяў і парадаў дапамагаюць Лукашэнку», – адзначыў Дзяніс Івашын.

Паводле адмыслоўца, як будуць разгортвацца падзеі ў Беларусі і ці сапраўды ўлады пойдуць на эскалацыю гвалту, – стане бачна ўжо ў найбліжэйшыя дні.

Віктар Шукеловіч Belsat.eu

Стужка навінаў