«Дзякуй усім патрыётам»: Дашкевіч распавёў, колькі беларусы ахвяравалі на #Ночпаэтаў


Грамадскі актывіст і палітык Зміцер Дашкевіч апублікаваў у сваім Facebook’у справаздачу аб сабраных сродках на Ноч расстраляных паэтаў.

Збор сродкаў адбываўся на розных пляцоўках. Агулам было сабрана $ 3907. А на падзею было патрачана $ 4907. Тысяча долараў была ахвяраваная «адным патрыётам яшчэ да крыжалому», адзначыў Зміцер Дашкевіч.

«Сябры, вялікі дзякуй усім патрыётам, якія ахвяравалі часам, сіламі і сродкамі, каб узгадаць разам тую чорную ноч нашай гісторыі, калі ў гонар 19 гадавіны Ленінскага камсамолу моладзі камуністы расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў інтэлігенцыі Беларусі: літаратараў, грамадскіх дзеячаў. Патрыёты, якія ахвяравалі сабою дзеля Беларусі, вартыя нашай памяці і нашай працы. Дзякуй усім за падтрымку і ўдзел, за тую веру ў перамогу Праўды, якою напаўняемся мы ў #Ночпаэтаў. Жыве Беларусь!» – напісаў Дашкевіч.

30 кастрычніка каля ста чалавек узялі ўдзел у Ночы расстраляных паэтаў – чытаннях у Курапатах, прысвечаных памяці ахвяраў НКВД. Менавіта ў ноч з 29 на 30 кастрычніка карнікі расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Падчас акцыі зачыталі зварот ад Святланы Алексіевіч, нобэлеўская лаўрэатка выказала смутак з нагоды трагедыі і салідарнасць з тымі, хто прыйшоў ушанаваць памяць забітых у Курапатах.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў