Дзермант – у Крыме: Беларусі Майдан не пагражае, але расслабляцца нельга


Беларускі праўладны палітолаг заявіў, што Беларусь адстае ад Казахстану і Расеі ў супрацьстаянні тэндэнцыям Майдану.

Аляксей Дзермант наведаў моладзева-патрыятычны летнік «Данузлаў-2018» на тэрыторыі анексаванай Расеяй паўвыспы. Ён заявіў, што Беларусі пры захаванні цяперашняй сітуацыі нічога не пагражае бліжэйшыя 15 гадоў.

«Моцныя спецслужбы павінныя пралічваць, куды рухаюцца небяспечныя тэндэнцыі і не дазваляюць ім прывесці да сур’ёзных канфліктаў унутры Беларусі. І павінная быць маса грамадзянаў, якія будуць рэагаваць на сур’ёзныя спробы разбурыць нас», – кажа Дзермант.

Паводле Дзерманта, тэндэнцыі, якія могуць прывесці да распаду дзяржавы «як ва Украіне», ёсць у любой краіне, і Беларусь удала ім супрацьстаіць, аднак адстае ў гэтым ад Казахстану і Расеі.

У межах гэтага супрацьстаяння, паводле Дзерманта, беларуская дзяржава між іншым не дазваляе развівацца нацыяналізму, а займаецца «дазаваннем» беларускасці.

«Беларуская свядомасць – нярэзкая. Беларуская мова – як бабуліны каралі: ты ёй валодаеш, але штодня не носіш», – сказаў ён.

Аляксей Дзермант – палітолаг і філосаф, займаецца беларускай і балцкай міфалогіяй, праблемамі этнагенезу беларусаў, міфалогіяй улады, палітычнай і этнічнай гісторыяй Беларусі.

Пасля падзеяў 2010 года ў Беларусі і ўкраінскіх падзеяў 2013–2014 гадоў, заявіў, што трымаецца «антыфашысцкіх» і «антынацыяналістычных» поглядаў.

ДД

Стужка навінаў