Дзеля тытунёвага бізнесу алігарха Алексіна змянілі межы Менску


Для развіцця тытунёвай вытворчасці ў Шабанах дэпутаты Менгарсавету прагаласавалі за змяненне межаў сталіцы. Інвестыцыйны праект будзе рэалізаваны кампаніяй, падкантрольнай алігарху Аляксею Алексіну.

Участак плошчай 48 гектараў, размешчаны на тэрыторыі прамысловай зоны Шабаны (жылых будынкаў там няма), прапануецца ўключыць у склад Менскай вобласці і Менскага раёну для рэалізацыі інвестыцыйнага праекту па развіццю тытунёвай галіны. Меркаваны аб’ём інвестыцыяў складзе каля 100 мільёнаў рублёў. Будзе створана каля 200 працоўных месцаў.

TUT.BY са спасылкай на інфармаваныкрыніцы паведамляе, што інвестпраект рэалізуе падкантрольная Аляксею Алексіну кампанія.

«Праект рэалізуецца ў рамках дасягнутых дамоваў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы ў канцы мінулага года. У яго развіццё падрыхтаваны праект указа прэзідэнта», – кажа суразмоўца TUT.by.

Інтарэсы Аляксея Алексіна сканцэнтраваны на гандлі нафтапрадуктамі, банкаўскай сферы (МТБанк), вытворчасці мясных вырабаў («Вялес-Міт»), лагістыцы (займаецца праектам мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Аршанскім раёне) і рэстаранным бізнесе. А ў канцы 2017 года ўлады даверылі яго кампаніі «Энерга-Оил» стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі, якая будзе прадаваць тытунёвую прадукцыю як на ўнутраным рынку, так і на вонкавым. Нядаўна ж «Энерга-Оил» стала другім імпарцёрам цыгарэтаў (L&M, Parliament, Marlboro) у Беларусь. Раней толькі «Беларусьгандаль» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі валодала правам увозіць у краіну цыгарэты.

Алексін – былы галоўны спецыяліст дэпартамента энергарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі «Белзнешгандінвест», якая ўваходзіла ў склад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Да 2012 года быў бізнес-партнёрам Юрыя Чыжа.

«Ежедневник» у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі ставіць яго на 6 месца.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў