ДК імя Грэка – гарадзенскі полу-сквот, дзе ладзіліся канцэрты без афіцыйных дазволаў


Вось ужо 5 год як у Горадні знеслі вядомы полу-сквот «ДК імя Грэка». З гэтай нагоды 15 красавіка ў гарадзенскім бары «Карыца» з’явілася пастаянная фотавыстава «ДК імя Грэка: памятныя фота на памяць» Яўгена Кандратовіча. Гісторыю легендарнай рэпетыцыйнай кропкі, канцэртнай пляцоўкі ды полу-сквота даведваўся карэспандэнт Belsat.eu.

Чаму «ДК» і ў гонар якога «Грэка»?

«ДК імя Грэка» уяўляў сабой звычайны стары будынак, які ўзялі ў арэнду музыкі з гурта «Твой город» у 2008 годзе, каб стварыць там рэпетыцыйную «кропку». Як гэта бывае ў панк-музыкаў, на «кропку» пачалі прыходзіць сябры ды знаёмыя, каб паглядзець, як рэпетуе гурт. З цягам часу «кропка» пераўтварылася ў месца, дзе збіралася свая «тусоўка».

Грэк

«Туды можна было прыйсці ў любы час: у перапынку пад час заняткаў, у абедзенны перапынак на працы, або ўвечары. Калі ты туды ішоў то заўсёды ведаў, што будзе весела». – распавядае Томаш «Драмз», які раней там быў частым госцем, а зараз з’яўляецца гаспадаром бару «Карыца».

Для недасведчаных заўсёды заставалася загадкавай назва «кропкі». Здаецца, звонку звычайны стары будынак, а мае неафіцыйны статус ДК ды яшчэ ў гонар нейкага Грэка.

«Назвалі так «кропку» чыста выпадкова. Не памятаю як і пры якіх абставінах, але памятаю, што назву прыдумаў Жэня Нікіцін з гурта «Прощай, привычка».

Жэня Нікіцін

Назва ўсім спадабалася ды так і засталася». – тлумачыць Сяргей Сурмач – музыка гурта «Твой город». Грэкам, у гонар якога быў названы ДК, аказаўся Дзіма Карповіч – таксама музыка з гэтага гурта.

Праводзілі канцэрты без афіцыйных дазволаў

З цягам часу ў ДК імя Грэка пачалі адбывацца канцэрты. «Фішка» гэтых канцэртаў была ў тым, што для іх правядзення не трэба было збіраць афіцыйныя дазволы, дастаткова жадання прыехаць і выступіць. Таму канцэрты там адбываліся ледзь не кожныя выходныя. Акурат, у Горадні з канцэртамі была напружаная сітуацыя. Выступалі там у асноўным гарадзенскія каманды, як «КальЯн», «SND», «Пять минут доSka», «Малыш і Carlsberg», «Tlusta Lusta», «ВКЛ», «Любимая вредная привычка», «Ultra pultra» ды шмат іншых. У госці часта заязджалі музыкі з іншых гарадоў Беларусі. З апошніх канцэртаў там адбыўся выступ Аляксандра Памідорава ды гурта «Бостонское чаепитие».

Некаторыя сталыя наведвальнікі ДК імя Грэка выказваюць меркаванні, што гэта была не проста «кропка» для рэпетыцый ды канцэртаў, гэта быў полу-сквот, дзе можна было «тусавацца» пэўна час, а пераночыць, дык дакладна, як сцвярджае музыка Сяргей Сурмач.

ДК знеслі каб пабудаваць дарогу, але не пабудавалі

У гэтым месцы вырасла цэлая плеяда новых гарадзенскіх андэграўнд-выканаўцаў. ДК імя Грэка давала бясплатную канцэртную пляцоўку маладым гуртам. Аднак, у 2012 годзе будынак знеслі, каб пракласці там асфальтаваную дарогу. Па сённяшні дзень дарогі так і няма, а на месцы былога ДК захаваўся толькі падмурак ды дрэва.

«Тусоўка», пасля закрыцця ДК, перабралася ў бар «Карыца», таму фатограф Яўген Кандратовіч і вырашыў менавіта тут прадставіць сваю выставу, якую вытрымліваў больш за 5 год: «Я доўга адкладваў стварэнне гэтай выставы. Трэба было, каб прайшоў час. Каб мае сябры ды знаёмыя, з якімі мы разам праводзілі час у ДК імя Грэка маглі паглядзець на фота і панастальгіраваць, узгадаць тыя прыемныя часы, ды сустрэцца са старымі сябрамі» – зазначае Яўген.

Яўген Кандратовіч

Уладальнік бару «Карыца» Томаш «Драмз» сумесна з фатографам Яўгенам Кандратовічам вырашылі пакінуць выставу ў бары на пастаяннай аснове. А ў хуткім часе абяцаюць папоўніць яе невядомымі раней здымкамі са знакамітага ДК імя Грэка.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў