Дэмакратычныя сілы заклікалі ўлады Польшчы падтрымаць «Хартыю-97»


Лідары беларускай апазіцыі накіравалі ліст прэзідэнту Польшчы да Анджэя Дуды і прэм’ер-міністра краіны Матэвуша Маравецкага з просьбай падтрымаць працу праекту.

Да польскіх уладаў звярнуліся Станіслаў Шушкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Генадзь Фядыніч, Яўген Афнагель.

Яны падзякавалі кіраўніцтву польскай дзяржавы за дапамогу, якая дазволіла ўзнавіць працу рэдакцыі.

«Страта ключавога апірышча супрацьстаяння інфармацыйнай агрэсіі ў інтэрнэце ў час, калі пагроза нашай незалежнасці рэзка ўзрастае, можа мець цяжкія наступствы для нашай краіны», – гаворыцца ў звароце.

Галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна ў размове з belsat.eu адзначыла, што вельмі ўдзячная за салідарнасць.

«Мы вельмі ўдзячныя лідарам беларускай апазіцыі за праяву салідарнасці і за разуменне важнасці працы «Хартыі» ва ўмовах дыктатуры ў Беларусі і інфармацыйнай агрэсіі з боку Расеі. У гэтых умовах нешматлікім беларускім незалежным медыям, якія выжылі, неабходна падтрыманне. Сёння ідзе гаворка пра спыненне працы не толькі »Хартыі«, але і большасці беларускіх незалежных медыяў. Таму мы разлічваем на Салідарнасць».

Фонд міжнароднай салідарнасці, які быў асноўным донарам праекту, сёлета скарачае падтрыманне старонкі. Наталля Радзіна лічыць гэта фактычным знішчэннем праекту. У Фондзе заяўляюць, што скарачэнне ёсць, але у некалькі разоў меншае, чым гэта прадставіла рэдактарка «Хартыі-97».

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года рэдакцыя незалежнага інфармацыйнага сайту «Хартыя’97» была разгромленая, а Наталлю Радзіну збілі і больш як на месяц пасадзілі ў засценкі КДБ. З 2011 году інтэрнэт-выданне вымушана працуе з Варшавы. Летась «Хартыя’97» адзначыла сваё 20-годдзе.

Раней Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказала сваё падтрыманне і салідарнасць з «Хартыяй’97» у сувязі з пагрозаю спынення фінансавання выдання.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў