«Дажынкі» прыдумаў не Лукашэнка. Такое свята было і ў Трэцім Райху


Беларусь святкуе «Дажынкі» з 1996 года. Для адных гэта квінтэсенцыя аграгламуру і агратрэшу, а для іншых – штосьці накшталт сельскагаспадарчага Канскага кінафестывалю: найлепшым уручаюць грашовыя прэміі, аўтамабілі і трактары. «Дажынкі» ўжо сталіся сімвалам эпохі Аляксандра Лукашэнкі, але свята ўраджаю мае глыбокія карані і адзначаецца па ўсім свеце. У кожнай краіне па-свойму.

Паганскія карані

Паводле этнографа, заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства Яўхіма Карскага, першыя згадкі пра Дажынкі на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца ў хроніках XII стагоддзя. Магчыма, гэтая традыцыя з’явілася ў канцы V тысячагоддзя да нашай эры з пачаткам земляробства.

Справка
Дажынкі – свята сканчэння жніва. Мае паганскія карані і шэраг назваў: Успленне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Спленне, Талака.

У 1927 годзе польскі прэзідэнт Ігнацы Масьціцкі зрабіў Дажынкі дзяржаўным святам. Яго дасюль адзначаюць у Польшчы.

Дажынкі. Заходняя Беларусь. 1934 год

Да 1938 года Прэзідэнцкія дажынкі святкаваліся ў Заходняй Беларусі, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы.

Адольф Гітлер вітае ўдзельнікаў свята ўраджаю ў горным раёне Бюкебэрг (Bückeberg). 3 кастрычніка 1937 года

У нацысцкай Нямеччыне свята ўраджаю Эрнтэданкфэст (Erntedankfest) мела афіцыйны статус і выкарыстоўвалася ў прапагандысцкіх мэтах.

Плакат часу ІІ Сусветнай вайны
Аляксандр Лукашэнка ўручае ключы ад аўтамабіля «Жыгулі» найлепшаму хлебаробу падчас «Дажынак» у Століне. 1996 год.
Фота: 90s.by

Яго адзначаюць дасюль. Са снапамі, трактарамі, нацыянальнымі строямі.

Беларускія «Дажынкі» прыдумаў палітэмігрант?

Першыя рэспубліканскія «Дажынкі» прайшлі ў Століне ў 1996 годзе.

Чаму там? Магчыма, таму, што з 1981 года на ўскраіне Століна праходзіў Палескі кірмаш, і мясцовыя ўлады ўжо мелі досвед арганізацыі падобных аграфэстаў. Паводле кіраўніка аддзелу культуры Столінскага райвыканкаму Васіля Зарубы, бацькам «Дажынак» можна лічыць экс-дэпутата Вярхоўнага Савету Івана Пашкевіча.

Іван Пашкевіч нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Беражное (Столінскі раён). Пратэстант. У 1995–1996 гадах падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку ў правядзенні рэферэндумаў. У 1997–2000 гадах – намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У 2000-м стаўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і далучыўся да групы «Рэспубліка», якая крытыкавала ўлады. Звяртаўся да Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім прасіў спыніць арышты пратэстанцкіх святароў. У 2006 годзе эміграваў у ЗША.

Ёсць меркаванне, што праект «Дажынкі» распрацавала тэлевізійная прадзюсарка Людміла Палкоўнікава, а дапамагалі ёй спявак Анатоль Ярмоленка і мастачка Галіна Холад. Дарэчы, гімн «Дажынак-1996» напісалі кампазітар Ігар Лучанок і паэт, экс-кандыдат на прэзідэнцтва (2010) Уладзімір Някляеў.

Крэўскі замак у Смаргоні

З 1996 да 2014 года «Дажынкі» мелі рэспубліканскі статус. А з 2015-га пачалі праводзіцца ў адным з паселішчаў у кожнай вобласці. Сёлетнія абласныя «Дажынкі» прайшлі або яшчэ адбудуцца ў Ружанах (Берасцейская вобласць), Браславе (Віцебская вобласць), (магчыма) Петрыкаве (Гомельская вобласць), Смаргоні (Гарадзенская вобласць), Барысаве (Менская вобласць), Глуску (Магілёўская вобласць).

Hавiны
Рыхтаванне Смаргоні да Дажынак: пыл слупам толькі на Савецкай
2019.08.19 15:24

Скажы, якое свята ты адзначаеш, і я скажу, хто ты

Сёлетнія «Дажынкі» ў Ружанах прайшлі каля палацу Сапегаў.

У Смаргоні да свята ўраджаю зрабілі графіці з Крэўскім замкам, а таксама адрэстаўруюць вуліцу Савецкую, басейн, дом культуры ды стаматалагічную паліклініку.

Графіці з мядзведзем на Смаргонскім музеі
Габрэі падчас абраду, звязанага са святам Сукот. Іерусалім.
Фота: Ronen Zvulun/Reuters

У Браславе падчас «Дажынак-2019» правялі выставу старажытнасцяў, бітву футбалістаў і конкурс кухараў. Мясцовы музей падрыхтаваў да свята выставу «Зямлі спрадвечнай рамяство», дзе можна было паглядзець на сярэднявечныя сярпы, матыкі, каменныя зерняцёркі і сякеры. А мясцовыя пажарнікі зладзілі воднае шоу.

Барысаўскія «Дажынкі» адбудуцца 12 кастрычніка на хатнім стадыёне БАТЭ. На адной з пляцовак будзе працаваць бясплатны барбер-шоп, а мясцовыя «Барысаўбытсэрвіс» і Слуцкая фабрыка пашыву адзення абяцаюць паказ моды.

Глускія «Дажынкі» запланаваныя на лістапад.

Да абласных «Дажынак» у Петрыкаве адрамантавалі аўтавакзал і ўсталявалі там сістэму відэаназірання.

Самыя цікавы аналагі «Дажынак» у свеце

Інкўала (Incwala), Каралеўства Эсўаціні (да 2018-га – Каралеўства Сўазілэнд)

Інакш гэтае свята называюць Фестывалем першых пладоў. Гэта рэлігійны рытуал, у якім бярэ ўдзел кароль Сўазілэнду. Цырымонія доўжыцца тры тыдні. Яе ўдзельнікі просяць добраславення продкаў напярэдадні збору ўраджаю.

Свята кушчаў (Сукот – з іўрыту «будан»), Ізраіль

Адно з трох галоўных юдэйскіх святаў. Адзначаюць у памяць 40-гадовага падарожжа габрэяў па пустэльнях Сінайскага паўвострава. Доўжыцца 7 дзён пасля заканчэння жніва. Артадаксальныя габрэі падчас гэтага свята перасяляюцца ў буданы, нярэдка іх будуюць на гаўбцах. Паводле Новага Запавету, гэтае свята адзначаў і Ісус Хрыстос.

Бульбяны конь на «Дажынках» у Іўі ў 2018 годзе

Фестываль дыні ў Туркменістане

Дзень туркменскай дыні адзначаюць у жніўні, гэта нацыянальнае свята. Упершыню адзначылі ў 1994 годзе. Заснаваў свята Сапармурат Ніязаў. Да адзінаццатай гадавіны гэтага свята ён напісаў кнігу «Сапармурат Туркменбашы Вялікі пра дыню».

Аліваганда (Olivagando), Італія

Паводле «National Geographic», адзін з найлепшых фестываляў ураджаю ў свеце. Праходзіць у невялікім італьянскім мястэчку Маджонэ (за 30 км ад Пэруджы). Удзельнікі разам робяць аліўкавую алею, якую асвячаюць падчас адмысловай імшы. Свята завяршаецца грандыёзнаю вячэрай у замку XII стагоддзя.

Ўара (Wara), Японія

Гэта фестываль саламяных фігураў. Яго ладзяць мясцовыя турыстычныя кампаніі ў супрацы з Універсітэтам мастацтваў Мусасіно. Праходзіць у ваколіцах гораду Ніігата з 2008 года.

Цікава, ці трапяць калісьці беларускія «Дажынкі» са сваймі бульбянымі канямі і саламянымі цягнікамі ў топ найлепшых фестываляў ураджаю ад «National Geographic»?

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў