Даведацца, хто дакладна збудаваў замак у Горадні, дапамагла цагліна


Цэгла з гербам «Калюмны» дапамагла пацвердзіць асобу князя, які збудаваў гарадзенскі замак.

У часе раскопак у пэўны момант археолагі наткнуліся на цэглу з нейкім выпуклым знакам. Здагадкі пацвердзіліся: выява аказалася гербам «Калюмны», які ўжываў князь Вітаўт, – тры белыя слупы на чырвоным полі, злучаныя ўнізе.

Месца раскопак перад рэканструкцыйнымі працамі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сама цэгла датуецца канцом 14 стагоддзя, яе знашлі ў тым месцы, дзе знаходзіўся замкавы двор. Археолагі лічаць, што знаходка, імаверна, была часткаю печы, бо некаторыя з цаглінаў пакрытыя сажай.

Калюмнамі Вітаўт кляйміў сваіх коней

Гісторыкам было вядома, што выяваю герба «Калюмны» Вітаўт кляйміў сваіх коней. Новая знаходка на Старым замку ў Горадні сведчыць, што не толькі іх. Як мяркуе беларускі гісторык і геральдыст Аляксей Шаланда, гэты знак маглі выкарыстоўваць майстры, якія належалі да княскай гаспадаркі і такім чынам пазначалі сваю прыналежнасць да князя Вітаўта.

Стары замак у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Гэта сведчыць пра тое, што замак Вітаўта сапраўды будаваўся ў яго часы і матэрыял адносіцца да гэтага замка. Гэтая знаходка не сенсацыя, а лагічная заканамернасць. Гэта прамое матэрыяльнае пацверджанне таго, што апісана ў моры гістарычнай літаратуры. Як археалагічны помнік – гэта вялікая рэдкасць. Ёсць да прыкладу манеты, пячаткі, мініяцюры з гэтым гербам, а тут цэгла, якую таксама кляймілі. Думаю, для музею гэта будзе выдатны экспанат, таму што вельмі мала ёсць артэфактаў менавіта з 14-га стагоддзя», – кажа гісторык.

Ад асабістага гербу Вітаўта да другога гербу ВКЛ

Як тлумачыць гісторык, на той час у Ягайлы і Вітаўта былі розныя герб. І калі знакам Ягайлы быў вершнік з крыжам, Вітаўт карыстаўся вершнікам з выяваю «Калюмнаў». Сімвал у якасці дзяржаўнага пачаў выкарыстоўвацца ў часы Гедыміна, ад таго герб атрымаў іншую назву – «Слупы Гедыміна». У Грунвальдскай бітве 1410 года дзесяць харугваў ВКЛ былі з выявай «Калюмнаў».

«Калюмны замацаваліся за дынастыяй Кейстутавічаў, з якой паходзіў Вітаўт. У Вітаўта не было нашчадкаў, але пазней гэты знак пачаў ужываць Казімір Ягайлавіч на манетах у якасці малога герба вялікага княства Літоўскага. На адным баку манеты была Пагоня, а на другім менавіта “Калюмны”», – распавядае Аляксей Шаланда.

Скульптура Вітаўта Вялікага каля Старога Замка ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як прызнаюць самі археолагі, знаходка каштоўная ў першую чаргу тым, што дагэтуль падчас археалагічных пошукаў, уключаючы польскія даследаванні даваеннага часу, такіх пячэй са знакамі «Калюмны» не было знойдзена ўвогуле. Ніколі дагэтуль падчас раскопак знаходкі не мелі выпуклых знакаў, а толькі знакі, выразаныя нажом.

Паўліна Валіш

Стужка навінаў