«Дачцэ» – два гады. Вялікая размова з рэжысёркай Марай Тамковіч


Мара Тамковіч. Фота facebook.com/mara.tamkovich

Летась яе творчы дэбют – кароткаметражка «Дачка» – стаў найлепшым мастацкім фільмам на 25-м Міжнародным фестывалі «Лістапад» у катэгорыі «Нацыянальнае кіно». Як жывецца рэжысёрцы і ейнай «Дачцэ»? Што аўтарка робіць у Гдыні і хто яна: беларуская ці польская творца? З Марай Тамковіч пагутарыла Вольга Гардзейчык.

Справка

Мара Тамковічмінчанка, вучылася на факультэце журналістыкі ў варшаўскім універсітэце па праграме Каліноўскага і ў Варшаўскай кінашколе. Аўтарка дакументальных і мастацкіх фільмаў. «Дачка» – яе дыпломная праца, бюджэт карціны – каля 5 тысяч еўра (абсталяваннем забяспечыла вучэльня, а акторы гралі без ганарараў). Акрамя галоўнай узнагароды ў катэгорыі «мастацкае кіно» на «Лістападзе»-2018, фільм быў адзначаны на фестывалях у Польшчы, Аўстрыі, Грэцыі, ЗША за рэжысуру, аператарскую працу і сцэнар.

Лаўрэатка ўзнагароды «Яна Мэрседэс» як найлепшая аўтарка мастацкага кіно на фестывалі «Два Берагі». Сярод яе працаў «Ураўненне», «Fucking Story», «За дзвярыма», «37» і іншыя. Мама трохгадовай Мірыям.

Ці «Лістапад» быў першай перамогай «Дачкі», якая дала старт наступным? Як вы з фільмам пражылі гэты год? Здаецца, цяпер ты кіруешся ў Амерыку, а таксама «Дачка» у Бельгіі будзе прэтэндаваць на кандыдата на Оскара? Усё так?

«Лістапад» быў недзе пасярод фестывальнай кар’еры «Дачкі». Пачалося ўсё з прэм’еры на фестывалі ў Фларыдзе, потым была польская прэм’ера на Кракаўскім кінафестывалі. Агулам фільм аб’ехаў некалькі дзясяткаў фестываляў. За 2018 год «Дачка» трапіла ў лідары сярод польскіх караткаметражак па колькасці ўзнагародаў за мяжой.

Калі казаць пра Амерыку – так, будзе паказ у Лос-Анджелесе, але гэта не першы паказ у ЗША, бо сусветная прэм’ера была, як я ўжо ўзгадала, на кінафестывалі ў Фларыдзе, а потым фільм быў паказаны на польскім фестывалі ў Лос-Анджэлесе, дзе здабыў узнагароду за найлепшае сацыяльна арыентаванае кіно.

Бліжэйшы фестываль, які кваліфікуе фільмы на Оскара і адабраў мой фільм у конкурс, пройдзе ў Бельгіі. Дарэчы, цікавостка: «Дачка» там паспаборнічае з «Возерам радасці», і я вельмі рада, што з Аляксеем Палуянам зноўку сустрэнемся на адной імпрэзе. Але гэта не першы «оскарны» фестываль «Дачкі», іх набярэцца з десятак. Фестывальнае жыццё фільма – два гады, якія заканчваюцца, большасць за намі.

Хто займаецца фестывальным шляхам «Дачкі», ты сама? Ці гэта так, што ці прасоўваеш твор, ці працуеш над новым?

Фестывальнай карерай і дыстрыбуцыяй «Дачкі» займаецца Кракаўскі кінафонд, які ўзяў «Дачку» пад сваю апеку і заяўляе фільм на міжнародныя імпрэзы, укладаючы ў гэта і адпаведныя грошы – бо большасць прэстыжных фестываляў вымагае аплаты за заяўку. Таму прасоўваннем я асабліва не займаюся.

Кінафестываль «Лістапад» 2019.
Фота: «Белсат»

Але гэта праўда, што калі гэта рабіць самому, то гэта праца на поўную стаўку, прычым такая, за якую яшчэ і трэба даплочваць, бо заяўкі каштуюць. А яшчэ – калі ты сам прапануеш свой фільм, то шанцы, што яго пагледзяць сябры журы, значна меншыя. У мяне быў досвед быць у адборачным журы фестывалю, і такія фэсты, асабліва, калі заяўка на ўдзел у іх бясплатная, могуць атрымліваць і па тры і па чатыры тысячы заявак.

Вернемся да вашага з «Дачкой» «Лістападу»: фільм, створаны ў Польшчы, пры поўнай, як ты казала, творчай свабодзе, трапіў у нацыянальны конкурс. Побач былі карціны, зробленыя ўнутры Беларусі, магчыма, з пэўнай аўтацэнзурай, былі фільмы, запісаныя ледзь не на мабільнік, але быў і «Крышталь» – прэтэндэнт на Оскара. Палітра шырокая. Як думаеш, што стала вырашальным фактарам выбару журы на карысць «Дачкі»?

Як мы ўсе памятаем, вакол нацыянальнага конкурсу на леташнім «Лістападзе» было шмат супярэчнасцяў, і, можа, менавіта таму там было прадстаўлена не так і шмат фільмаў, выкананых цалкам у Беларусі. Здаецца, увогуле толькі адзін, ці два – «Ягор» ды, магчыма, «Пляж. Лес. Тамбур», які выйграў сёлета. Я, дарэчы, вельмі цешуся, што ён у выніку атрымаў магчымасць заіснаваць на «Лістападзе» у нацыянальным конкурсе ў атмасферы большай свабоды.

(Ад рэд.: Летась Кірыл Галіцкі і Святлана Казлоўская адклікалі свой фільм «Пляж. Лес.Тамбур» з нацыянальнага конкурсу на знак пратэсту супраць рашэння Мінкульта пакінуць за сабой права апошняга голасу ў адборы фільмаў да ўдзелу ў фестывалі.)

А што стала вырашальным фактарам – мне цяжка сказаць, але, напэўна, усё ж «Крышталь» – фільм іншай катэгорыі. Нездарма звычайна існуюць два конкурсы – для кароткаметражнага і поўнаметражнага фільму, бо гэта не толькі дэ-факта розныя жанры, але і абсалютна розныя ўзроўні прадакшн-фінансавання. Вельмі цяжка параўноўваць 30-хвілінны фільм, зняты недзе за адну дваццатую бюджэту нават малабюджэтнага поўнаметражнага фільма, з поўным метрам.

Беларускія фільмы насамрэч сталі часцей з’яўляцца на фестывалях: дзве карціны аўтараў-беларусаў – у адной катэгорыі ў Бельгіі. У Варшаве адзначылі Ўладу Сянькову і прынялі ў школу Вайды, а ў Нямеччыне на Котбуцкім кінафестывалі лепшай мастацкай караткамтражкай стала прадукцыя «Беларусьфільму і Мітрыя Сямёнава-Алейнікава «Франка» (хоць дабіраліся на фестываль творцы за ўласныя грошы). Дзяржава мала рупіцца пра творцаў, але, магчыма, падтрымкі трэба шукаць у іншых асяроддзях? Як гэта выглядае ў Польшчы?

На прасоўванне фільмаў выдаткоўвае грошы прадзюсар (у выпадку кароткаметражак – школы) або дыстрыбутар (у выпадку кароткаметражак – наогул, некамерцыйная ўстановы накшталт Кракаўскага кінафонду). Калі фільм трапляе на фестываль, куды ехаць далёка і дорага, а арганізатары пакрываюць толькі частку выдаткаў або не пакрываюць увогуле, можна звяртацца ў пэўныя арганізацыі па дапамогу на прамоцыю польскай культуры. Такую дапамогу можа выдзеліць амбасада, Польскі інстытут кінамастацтва, Інстытут Адама Міцкевіча або нават і школа, у якой фільм зняты.

Мара Тамковіч. Фота facebook.com/mara.tamkovich

«Дачка» – фільм-драма. Як працавалася з польскімі акторамі, з дарослымі акторамі? Даводзілася ж здабываць іх эмоцыі, быць для іх аўтарытэтам. Статус маладой, не знакамітай, плюс – беларускі – не замінаў?

Працай з акторамі я вельмі задаволеная, і з Адамам, і з Габі (Адам Цэўка і Габрыела Хаецка – выканаўцы галоўных ролей у фільме «Дачка»), і з іншымі, я вельмі ім удзячная – яны ўклалі ў фільм вельмі шмат сябе. А перадусім – цудоўна, што яны пагадзіліся, асабліва Адам, які быў далёка не дэбютантам, калі пагаджаўся здымацца ў «Дачцэ», але ён пагадзіўся, бясплатна, і прысвяціў гэтаму фільму два тыдні свайго жыцця. Вялікі рэспект яму за гэта. І праца была насамрэч вельмі файнай, бо я адчувала, што акторы ў тыя постаці, што недзе там мне прыдумаліся, вельмі шмат дадавалі.

Тое, што я беларуска, ніколі, ні разу не замінала. Што маладая і недасведчаная – так, крыху ёсць такое, што калі на студэнцкія фільмы наймаюць вялікіх зорак, то часцяком гэтая супраца можа не складацца так, як сабе ўяўляў рэжысёр, таму што прыходзіць актор, які лічыць, што ён усё ведае, што ён дасведчаны, што ён – зорка, і зараз гэта ёй павучыць гэтага «студэнта» рэжысуры. Але, па маіх назіраннях, такое супрацоўніцтва не дае добрага эфекту, бо тады гэты фільм як быццам робяць паўтара ці нават два рэжысёры, кожны з якіх цягне некуды ў свой бок, альбо ўвогуле няма агульнага бачання: як гэты фільм мае трымацца.

Але ў маім выпадку, паўтаруся, з Адамам мне вельмі добра працавалася, ён шмат укладаў ад сябе, але ніколі не ставіў пад сумнеў маіх рашэнняў і прыслухоўваўся да заўвагаў.

Кінафестываль «Лістапад» 2019.
Фота: «Белсат»

Як ты пазнаёмілася з Габрыелай? З кім было лягчэй паразумецца – з ёй, бо вы маладыя і, думаю, больш эластычныя (хоць і для яе гэта не першы фільм), ці з дасведчаным Адамам? Ці была нейкая супраца з псіхолагам у сувязі з тым, што Габрыелі няма 18-і, а фільм – пра гвалт і нежаданую цяжарнасць?

Габі знайшла па абвестцы ў Фэйсбуку, псіхолага не было, не той бюджэт. Шмат размаўлялі з мамай Габі, Агнешкай, якая вызначала межы таго, што мы можам здымаць, а на што яны не згодныя. А з кім лягчэй – параўнаць немагчыма, гэта, як кажуць, яблык і апельсін. Кожны быў па-свойму варты і цікавы.

Як ты трапіла ў кіно, прычым – у польскае? Думаю, пра гэта мараць многія. Ці ёсць нейкія канстанты, маякі на гэтай дарозе, акрамя адпаведнай адукацыі?

У кіно я прайшла праз тэлебачанне, праз журналістыку. Спачатку было «Еўрарадыё», якое падштурхнула мяне ад пісьмовай журналістыкі ў больш медыйную, на пачатак у аўдыёсферу. Потым з’явіўся «Белсат», дзе была ўжо праца з відэа, і ўжо на «Белсаце» з’явілася ідэя, што, магчыма, гэты занятак варта перавесці ў нешта больш сталае, чым аднадзённыя ньюсы. Я паспрабавала паступіць у кінашколу, і так ужо тут і засталася…

Што было маякамі па дарозе? Адукацыя – так, але таксама гэта кантакты, знаёмасці. Часцяком кінашкола – гэта такая база для здабыцця менавіта кантактаў, бо ўсё ж кіно – гэта вельмі закрытая тусоўка, дзе наймаюць людзей, бо кагосьці ўжо ведаюць. І ты мусіш адпрацаваць сваё бясплатна, каб пачала дзейнічаць машына сарафаннага радыё, якое перадае: а, вось ёсць такі і такі, ён прыкольны.

Ну а калі казаць менавіта пра рэжысёрскую працу – то трэба проста прасоўваць уласныя праекты. Гэта нялёгка.

Сёлета «Лістапад» прайшоў пад слоганам «Да радасці». Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Летась пасля перамогі на «Лістападзе» ты казала, што хочаш зняць фільм у Беларусі. Атрымліваецца?

Пакуль усё тут у стадыі мараў-планаў. Яшчэ трэба час, каб гаварыць пра паўнавартасны сцэнар. Скажам так, я на этапе дэвелапменту. Таму пакуль няма пра што казаць, бо можа, думаецца пра каханне, беларускіх жанчын ды кантрабанду, а атрымаецца фільм зусім пра іншае…

Поспех адчыняе дарогу далей? Прадзюсары ківаюць галовамі на ўсе ідэі і вераць навыраст? Бюджэт тваёй камедыі «Fucking story» – 100 долараў, але агулам кіно – дарагая галіна, у адзіноце наўрад ці пад’ёмная

Поспех у кіно – рэч адносная. Ёсць такая ілюзія, калі прыходзіш у кінашколу – што вось я здыму свой першы фільм, выйграю з ім некалькі фестываляў, і ад гэтага моманту ўсё будзе крута і лёгка, і прадзюсары будуць ламіцца дзвярыма і вокнамі і прапаноўваць грошы – а ты толькі здымай. Гэта не так.

Фестывальны поспех, пэўна, дапамагае, бо табе ёсць чым ужо пацвердзіць, што ты нешта можаш і ўмееш, але дарога да рэалізацыі не перастае быць пастаянным змаганнем.

І трэба пагадзіцца з тым, што гэта не зменіцца, напэўна, і пасля першага, і другога фільму, і заўжды, гэтае змаганне і гэты статус лакаматыва будзе належыць да рэжысёра. Ніхто іншы яго не пацягне.

Фота facebook.com/mara.tamkovich

Думаючы пра будучы фільм, ты зважаеш на розніцу аўдыторыяў і ўспрыняцця яго ў Польшчы і Беларусі? Сацыяльныя праблемы не ўсюль аднолькавыя, як і актуальнасць грамадскіх дыскусіяў. Даводзіцца выбіраць?

Мне падаецца, што большае значэнне мае не столькі і не толькі тое, хто гэты фільм будзе глядзець, як тое, у якой рэчаіснасці гэты фільм зняты. Таму што глядач цяпер вельмі ўніверсальны, мы глядзім фільмы пра Бразілію, хаця нічога не ведаем пра іх штодзённасць – і нармальна ўспрымаем гэтыя фільмы.

У прынцыпе, фільм – гэта вакно ў іншую рэчаіснасць, у іншую штодзённасць. Таму на ўзроўні гледача – не, не думаю, што варта дапасоўваць праблематыку да таго гледача, якога выбіраеш, але на ўзроўні выбару праблемаў і рэчаіснасці, у якой будзеш здымаць – ёсць гісторыі, якія я проста не ўяўляю, як распавесці ў польскім кантэксце, і ёсць гісторыі, якія мне цяжка ўявіць у рэчаіснасці беларускай.

Напрыклад?

Буфет на выбарчым участку – гэта поўная абстракцыя для палякаў. Размеркаванне – тое ж самае. А забароненыя аборты – абстракцыя ў Беларусі.

Можна жыць з кіно? Ці даводзіцца працаваць паралельна «для грошай»?

Можна жыць з кіно. Але гэта вельмі цяжка. Большасць нават дасведчаных, сталых творцаў усё ж робіць штосьці паміж фільмамі – ці гэта праца на серыялах, ці на нейкай рэкламнай прадукцыі. У маёй рэчаіснасці – гэта праца другім рэжысёрам. Цяпер я працую на серыяле нямецкай прадукцыі, які здымаюць у Польшчы, да гэтага – на мастацкім фільме, на некалькіх серыялах польскай прадукцыі. Імкнуся трымацца фармату мастацкага кіно. Я ўспрымаю гэта як адну з прыступак да свайго вялікага Кіно. Бо гэта дае досвед, бо варта вучыцца і на чужым поспеху, і на знаходках, і на памылках.

Што ты часцей за ўсё сама сабе паўтараеш, калі губляеш сілы ці веру?

Хочацца адказаць нешта глыбокае і разумнае, але вось шчыра – нічога не паўтараю. Ныю як мямля, а муж пацяшае. А потым прыходзіць новы дзень.

Размаўляла Вольга Гардзейчык belsat.eu

Стужка навінаў