Кавалкі шклабою, якімі сёння ўсыпаная зямля, дзе стаяла гута «Нёман», хаваюць у сабе гісторыю буйнога прадпрыемства, а таксама людзей, якія ва ўмовах невыноснай гарачыні стваралі шкляныя шэдэўры, знакамітыя ў міжваенны час на ўвесь свет. «Белсат» наведаў Бярозаўку і яе ваколіцы разам з прапраўнучкай заснавальніка гуты Вольгай Рачыньскай.
«Гэтая карычневая плямка дасталася мне ад Столле», – кажа Вольга, указваючы пальцам на сваё правае вока. Мы стаім каля магілы яе продка – Юльюша Столле, які ў канцы ХІХ ст. перакупіў і развіў адно з самых паспяховых прадпрыемстваў міжваеннай Польшчы.
Сёння цяжка нават уявіць, што ў свой час гута «Нёман» пастаўляла на экспарт чацвёртую частку ад усёй польскай шкляной прадукцыі. Крамы Столле былі ў ЗША і Канадзе, вырабы траплялі ў Лацінскую Амерыку, а гандаль з Англіяй і Францыяй дазваляў пашырыць рынак збыту таксама на іх калоніі ў Афрыцы. З гутай «Нёман» звязаная гісторыя некалькіх пакаленняў сем’яў Столле і Краеўскіх, пры апісанні якіх можа паўстаць шматтомная літаратурная сага або серыял.
«Сям’я Столле агулам паходзіць з Паўночнай Чэхіі. У нас ёсць генеалагічнае дрэва ад ХVIІІ ст., дзе апісваецца галінка па галінцы. Юльюш Столле прыехаў сюды разам са сваім кампаньёнам Вільгельмам Краеўскім у 1891 годзе. Да гэтага часу яны разам працавалі на Дзяцькаўскай гуце ў Бранскай вобласці. Яны хацелі закласці ўласнае прадпрыемства, а тут былі ўсе ўмовы для гэтага. Былы ўладальнік Зянон Ленскі здаваў сваю гуту ў арэнду, мясцовыя людзі ўжо ўмелі працаваць са шклом, тут была рака, а таксама шмат бярозы, якая ў часе згарання дае неабходную вельмі высокую тэмпературу. З часам арандатары перакупілі старую гуту і пабудавалі дзве новыя», – распавядае Вольга.
Як аказалася, пад помнікам яе прапрадзеда няма прапрадзеда: цела пасля смерці ў 1927-м вывез ягоны сын Фелікс, аднак куды – сёння ніхто не ведае. На месцы магілы самотна спачывае толькі жонка Юльюша Юзэфа, але надпісу на помніку пра яе няма. Што паўплывала на сына, каб вывезці цела бацькі ў невядомым напрамку, застаецца адной з сямейных загадак. Побач з помнікам – сімвалічная табліца з іменем яшчэ аднаго сына Юльюша, Эдварда, які бясследна загінуў у польска-бальшавіцкай вайне. Трагічна склаўся і лёс усіх астатніх дзяцей Юльюша.
Разам з прапраўнучкай шклянога магната, мы едзем на тэрыторыю старой гуты, ад якой сёння засталіся толькі кучы шклабою ў зямлі. Пахадзіўшы па лесе, Вольга знаходзіць некалькі кілішкаў і кілаграмовы кавалак шкла. «Будзе сувенірам», – тлумачыць дзяўчына.
Яшчэ перад Другой сусветнай вайной у каталогу фірмы было дзве тысячы крышталёвых і шкляных вырабаў самых розных колераў. Неймаверная разнастайнасць чарак, келіхаў, куфляў, графінаў, гарлачоў, шклянак, вазонаў, туалетных набораў, разетак, банбаньерак, лямпаў, абажураў, жырандоляў, прадметаў культавага прызначэння, цацкі, чарнільніцы, аптэкарскі посуд – гэта толькі малая частка таго, што магла прапанаваць гута для свайго і замежнага пакупніка. У 1935 годзе фірма атрымала вельмі пачэсную замову, вырабіць урну, у якой сёння спачывае сэрца Юзафа Пілсудскага ў Вільні. Аднак з трох буйных гутаў у Бярозаўцы захавалася толькі адна, на базе якой пасля вайны паўстаў шклозавод «Нёман». А на месцы дзвюх старых з зямлі паўсюль тырчаць кавалкі шкла розных колераў і памераў, а таксама вогнетрывалага лому ад збураных печаў.
Пасля шпацыру на месцы старой гуты мы адпраўляемся ў Бярозаўку. У самым цэнтры гораду стаяць два дамы, якія калісьці належалі Столле. У зялёным доміку каля парку жыў стары Юльюш Столле. З цягам часу яго сын Фелікс пабудаваў побач дом для сваёй сям’і, дзе сёння знаходзіцца музычная школа. Дом трэцяга сына Браніслава мясцовыя называлі «Белы дворык». Ён быў самым вялікім і прыгожым з усіх, аднак у 1944-м будынак спалілі партызаны.
«Былы адрас дому Фелікса Столле, майго непасрэднага прадзеда, каля помніка Леніну – Спацэрова, 6. З ім звязаная цікавая гісторыя. Увогуле жыццё братоў Фелікса і Браніслава скончылася вельмі трагічна. У 1939-м савецкая армія нацыяналізавала гуту, а іх арыштавала. Браніслаў загінуў у лагеры пад Архангельскам, а след Фелікса губляецца ў баранавіцкай турме. Сёстры, жонкі і дзеці братоў Столле таксама былі вывезены ў сібірскія лагеры. Сын Фелікса, мой дзед Лех, пайшоў змагацца ў Армію Краёву, за што пазней быў таксама сасланы ў Сібір. Пасля 10 гадоў ссылкі ён вярнуўся і важыў 36 кілаграм. І што цікава, дзед Лех пераехаў у Польшчу ў Апочна, дзе пасяліўся ў доме з такім ж адрасам – Спацэрова, 6. Ён дажыў да 69 гадоў», – распавядае Вольга.
«Ведаеце, мне часам здаецца, што Бярозаўка да вайны жыла нашмат лепш, чым цяпер, – кажа настаўніца гісторыі Тэрэса Матусевіч, якая таксама далучылася да шпацыру з Вольгай. – Гісторыю Столле можна вывучаць па здымках. У «Старым дворыку» быў тэнісны корт. Ёсць здымкі, дзе яны катаюцца на байдарках, на каноэ па Нёмне, ездзяць на спартыўных конях. Да вайны ў Бярозаўцы быў дзіцячы сад для працаўнікоў гуты. Была цудоўная кавярня, дом асветы, бібліятэка, касцёл, школа, шпіталь, якія Столле пабудавалі. Старэйшыя людзі распавядалі, што Столле маглі закупіць вітаміны ў Польшчы і раздаваць іх бярозаўскім дзецям. Або, калі сталі моднымі панчохі, яны прывозілі іх цэлае мноства і таксама давалі ў падарунак мясцовым дзяўчатам. Вельмі добрыя людзі былі, умелі дзяліцца».
Як распавядае спадарыня Тэрэса, дзеці першых уладальнікаў і партнёраў Юльюша Столле і Вільгельма Краеўскага, ажаніліся. Таму пасля смерці Вільгельма, якія патануў у Нёмне, капітал застаўся ў сям’і. Кожны з дзяцей і ўнукаў атрымліваў добрую еўрапейскую адукацыю, пасля чаго яны вярталіся працаваць на гуту, дзе для кожнага была свая праца. Дзяўчыны ў большасці былі выдатнымі мастачкамі па шкле, займаліся рэкламай, а мужчыны адказвалі за сямейны бізнес.
Сустрэцца з Вольгай прыехаў таксама былы гутнік шклозаводу «Нёман» Сяргей Скобля, які ініцыяваў у Бярозаўцы стварэнне помніка Юльюшу Столле. Рабіць помнік узяўся мясцовы скульптар Максім Рунец, які працуе ўжо некалькі месяцаў.
Як распавядае Сяргей Сяргеевіч, паколькі спонсараў не знайшлося, прыйшлося арганізаваць збор сродкаў на «Талацэ», аднак пакуль што працэс ідзе вельмі слаба.
«Разумееце, некалі на нашым заводзе працавала 5 тысячаў чалавек, а сёння працуе паўтары. Ён з кожным годам загібаецца. Я сам гутнік, мне хацелася б, каб у Бярозаўцы гэтая традыцыя працягвалася. А помнік будзе нагадваць пра чалавека, які сапраўды развіваў горад. Спачатку я напісаў прапанову і пайшоў з ёй збіраць подпісы ў дырэкцыі шклозаводу ды іншых. Падпісалася каля 30 аўтарытэтных асобаў, аднак Бярозаўскі райвыканкам адмовіў прыняць заяву. Мы хацелі паставіць помнік да 135 гадоў заснавання гуты, гэта будзе ў верасні, але не атрымаецца. На другі раз райвыканкам прыняў прапанову, але таксама яшчэ нічога не вядома. Я прапаноўваў перанесці помнік Леніну пад будынак райвыканкаму, а на яго месцы ў парку каля будынку Столле, паставіць помнік Юльюшу. Аднак мясцовая ўлада катэгарычна сцвярджае, каб Леніна не чапаць», – кажа Сяргей Скобля.
Што цікава, сама Вольга пераняла прадпрымальніцукую жылку ад продкаў. У Апочне дзяўчына мае сваю транспартную фірму, якую ў гонар продкаў назвала «GoStolle», і на фуры калясіць па ўсёй Еўропе.
Акрамя таго прапраўнучка Столле – вялікая аматарка палявання. Вольга Рачыньска, у сваю чаргу, на вандроўках па мясцінах сваіх продкаў спыняцца не збіраецца:
«Мы былі ў музеі на шклозаводзе. Бачылі, як вырабляецца шкло, як выдуваюць бутэлькі. Тэмпература ў печы складае 850 градусаў, гэта вельмі цяжкая праца, якая патрабуе вялікага вопыту. Перадусім страшна горача. Мы крок па кроку пабачылі, як выглядала гута ў кожнай дэкадзе. І сёння разам з сям’ёй і сябрамі мы марым зрабіць дакументальна-гістарычны фільм, які б прадстаўляў штодзённае жыццё Столле, гутнікаў і мясцовых жыхароў. А прыбытак ад продажу квіткоў мы б хацелі пераказаць на дабрачынныя мэты».
Паўліна Валіш