Пра намер арганізаваць вытворчасць беларускай тэхнікі ў Егіпце распавёў бізнесмен Ахмед Абодух.
Таксама ён заявіў, што плануе да чэрвеня 2017 года адкрыць пяць шоў-румаў тэхнікі МАЗ у сябе на радзіме, «якія закрыюць патрэбы ўсяго Егіпта – ад Поўначы да Поўдня і ад Захаду да Усходу».
Паводле бізнесмена, цягам многіх гадоў тэхніку МАЗ у Егіпет пастаўлялі на патрэбы вайскоўцаў, аднак цяпер ёй зацікавіліся іншыя прадпрыемствы ў камерцыйных мэтах.
Ахмед Абодух распавёў, што першыя асобнікі беларускай тэхнікі ўжо хутка адправяцца да сваіх уладальнікаў – буйных егіпецкіх і замежных кампаніяў, сярод якіх ёсць буйны цэментны завод.
Нядаўна Лукашэнка назваў сітуацыю ў некаторых галінах айчыннай эканомікі ваенным становішчам.
Кіраўнік краіны дапоўніў крытыку статыстыкаю: толькі за 2014–2015 гады прадпрыемствы машынабудаўнічай галіны зменшылі аб’ёмы вытворчасці на палову, пры гэтым амаль 25 % толькі за 2015 год. У першыя 10 месяцаў сёлета здолелі вярнуць прырост толькі на 3 %.
У машынабудаўнічы комплекс Беларусі ўваходзіць больш за 130 прадпрыемстваў. Асноўныя з іх, «Белаз», «МТЗ» ды «МАЗ», на якіх працуюць агулам дзясяткі тысяч беларусаў, і якія на ўласным прыкладзе зазналі крызіс.
Толькі за 2015 год з двух прамысловых гігантаў МАЗ ды МТЗ звольнілі больш за 3 тысячы асобаў, а тых, хто застаўся, перыядычна пераводзяць на скарочаны працоўны тыдзень.
Таваразварот Беларусі з Егіптам у 2011-2016 года вагаўся ад $ 64,2 да 47, млн (студзень-кастрычнік), найбольшы тавараабарот занатаваны ў 2015 ($ 186,3 млн).