Cтаршыню салігорскага райвыканкаму заключылі пад варту


Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова. Кіраўніка Салігорскага раёну Аляксандра Рымашэўскага затрымалі 2 чэрвеня праз падазрэнне ў хабарніцтве.

Паводле яе, следства хадайнічала перад пракурорам пра меру стрымання і хадайніцтва задаволілі. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Жыхары вёскі Камень, дзе жыве Рымашэўскі, кажуць, што яго браў АМАП і КДБ у ягоным новым доме ў вёсцы Камень. Паводле афіцыйнай версіі, затрыманне адбывалася на дарозе паміж Салігорскам і Каменем беспасярэдне пасля таго, як чыноўнік атрымаў хабар памерам $ 2 700 – за тое, каб райвыканкам зрабіў у хабарадаўцы дзяржаўную закупку.

У Салігорскім райвыканкаме, які Рымашэўскі ачольваў больш за 10 гадоў, меркаванні на ягоны конт супярэчлівыя. Сыходзяцца на адным: чалавек быў крутога характару, за што атрымаў мянушку бульдозер. Ёсць у Рымашэўскага яшчэ адна мянушка – Даяр. Атрымаў ён яе за актыўнае насаджэнне ў раёне малочных фермаў.

Рымашэўскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў