Чудзянцову працягнулі тэрмін утрымання пад вартай


Следчыя працягнулі тэрмін утрымання пад вартай Уладзіміру Чудзянцову. Супраць журналіста завялі крымінальныя справы аб наркотыках і сексуальных дзеяннях з няпоўнагадовымі. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага.

Журналіста Уладзіміра Чудзянцова этапавалі з Берасця ў Менск 17 лютага. Сёння яго наведаў следчы, распавёў «Белсату» адвакат абвінавачанага Аляксандр Галіеў.

«Пакуль не адкажу, наколькі працягнулі яму тэрмін утрымання. Справа ў тым, што следчы быў у яго без маёй прысутнасці, такое працэсуальнае дзеянне не патрабуе абавязкова ўдзелу адваката. Я не камунікаваў пакуль са следчым, але мяркую, што працягнулі яшчэ на месяц, але дакладна не магу адказаць», – распавёў «Белсату» адвакат Аляксандр Галіеў.

Супраць Уладзіміра Чудзянцова завялі дзве крымінальныя справы. Паводле першай – незаконны абарот наркотыкаў, журналіста затрымалі ў Берасці яшчэ ў лістападзе летась. Яго знялі з цягніка на беларуска-польскай мяжы. Чудзянцоў адмаўляецца даваць паказанні па гэтай справе і не прызнае сваёй віны.

Hавiны
Супраць журналіста Чудзянцова распачалі справу за сексуальны гвалт над непаўналетнімі
2020.01.10 16:52

Другая справа заведзеная паводле ч. 2 арт. 167 КК – яго вінавацяць у «гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару ў дачыненні заведама няпоўнагадовага».

«На наступным тыдні ў нас будзе допыт паводле новай справы. Але ўдакладню, што я падпісаў падпіску аб неразгалошванні, таму не магу нешта агучваць падрабязнасці гэтай справы», – дадаў Аляксандр Галіеў.

У сваю чаргу блогер NEXTA выступіў з заявай, у якой распавёў, што Уладзімір Чудзянцоў затрыманы, бо ён дапамагаў у стварэнні фільму «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Яго затрыманне з’яўляецца помстай з боку ўладаў Беларусі. Блогер заклікаў да салідарнасці з журналістам.

Стужка навінаў