Чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя скончыла спартовую кар'еру


Найлепшая плыўчыха Беларусі Аляксандра Герасіменя абвесціла, што сыходзіць з вялікага спорту. Цяпер яна збіраецца займацца дабрачыннымі праектамі.

Пра гэта яна заявіла 7 жніўня падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, прысвечанай старту марафона «24 Разам».

Гэты 24-гадзінны спартова-дабрачынны марафон у дапамогу дзецям з аўтызмам пройдзе 16-17 жніўня. Удзельнікам трэба будзе прабегчы на стадыёне Цэнтру алімпійскага рэзерву ў лёгкай атлетыцы або праплыць у басейне спартова-аздараўляльнага комплексу «Трактар» за суткі агулам 10 000 гадзінаў. У такім разе партнёр марафону відэасэрвіс Voka пералічыць 50 000 рублёў, якія пойдуць дзеткам.

Герасіменя адзначыла, што пакідае вялікі спорт з шэрагу прычынаў. Справа не толькі ва ўзросце спартоўкі – сёлета ёй споўніцца 34 гады. Аляксандра таксама прызналася, што не гатовая паказваць высокія вынікі пасля нараджэння дзіцяці.

У Алімпіядзе 2020 году Герасіменя ўдзелу браць не будзе. Замест таго, яна прысвеціць свой час сямʼі і дабрачыннасці.

За сваю амаль 20-гадовую карʼеру беларуская плыўчыха двойчы ўзяла алімпійскае срэбра (у 2012 годзе ў Лондане) і бронзу ў Рыё-дэ-Жанэйра ў 2016-м. Акрамя таго, яна зʼяўляецца чэмпіёнкай свету на дыстанцыі 100 м вольным стылем і мае залаты медаль сусветнага першынства на 25 метрах. Яна неаднаразова перамагала на розных чэмпіянатах Еўропы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў