Чатыры хуткія за 15 хвілін. Пад Акрэсціна дзяжураць сваякі і днём, і ноччу


Што адбываецца каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў і як здзекваюцца над затрыманымі.

ЦІП на Акрэсціна. Шмат хуткіх.
Фота: Belsat.eu

Па афіцыйных дадзеных МУС за тры дні пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя каля 6 тысяч чалавек (з 9-е на 10-е жніўня каля 3 тысяч, з 10-га на 11-ае жніўня каля 2 тысяч і ў ноч з 11-га на 12-ае жніўня каля 1 тыс). З-за вялікай колькасці затрыманых не ўсе сваякі, сябры ведаюць, дзе іх родныя. МУС кажа: тэлефануйце 102 і даведаецеся. Але па факце інфармацыю не паведамляюць. У спісак ПЦ «Вясна» зараз ёсць дадзеныя па 1500 затрыманым, але таксама не па кожным з іх вядома, дзе яны знаходзяцца. Наш карэспандэнт пастаяў 15 хвілін пад Акрэсціна вечарам 12 жніўня. Вось, што там адбываецца. Аповед ад першай асобы:

Сваякі чакаюць родных пад Акрэсціна.
Фота: Belsat.eu

«Вельмі часта ездзяць хуткія. За 15 хвілінаў было чатыры штукі. Каля Акрэсціна дзяжурыць прыкладна 20 асобаў. Гэта людзі, якія шукаюць сваякоў. Таксама ёсць валанцёры, якія прыносяць ежу, яны дзяжураць без перапынку. Людзі не ведаюць, дзе іх сваякі, чакаюць. Жанчына Анастасія, напрыклад, чакае мужа 4 дні. Сядзіць на вуліцы, на пледзе. Бо нейкі мужчына сядзеў нібыта з ейным мужам у камеры.

Фота: Belsat.eu

Людзі, якія выходзіць з ЦІПу, распавядаюць, як іх катуюць: ставяць да сценкі на шмат гадзінаў, збіваюць, кажуць прасіць прабачэнне ў Лукашэнкі. Самае зверства – калі б’юць па спіне так, каб атрымаўся крыж. Калі пры сабе ў чалавека было нешта кшталту вострага прадмету ці фаера, то такіх пазначаюць асобна і найбольш жорстка збіваюць.

Камеры перапоўненыя, у кожнай – па 40 чалавек. Людзі сядзяць па чарзе. Ёсць сярод затрыманых цяжарныя жанчыны. Ім бракуе паветра. Калі адкрываюць «кармушку», яны махаюць кофтай, каб была вентыляцыя. Мянты ім пагражаюць: калі будзеце кепска сябе весці, шумець, то зусім закрыем кармушку. Людзі губляюць прытомнасць, некаторых ванітуе.

Сваякі чакаюць родных пад Акрэсціна.
Фота: Belsat.eu

Сярод тых, хто чакае пад Акрэсціна, амаль не маюць інфармацыі – проста ім трэба недзе чакаць, бо ніхто не кажа, дзе іх сваякі.

Раней сёння былі ў Лідзе. Паразмаўлялі з дзяжурным цэнтру ізаляцыі. Той прапанаваў пашукаць не толькі ў іх, але і ў памежнікаў, і ў РУУС. То бок людзей трымаюць нават у вайсковай частцы, бо ізалятары перапоўненыя.

Belsat.eu

Стужка навінаў