Часопіс Мінабароны РФ: расейскія супержаўнеры могуць сілай думкі спальваць крышталі і парушаць камунікацыі


Афіцыйны часопіс расейскага Міністэрства абароны «Армейскі зборнік» апублікаваў артыкул над назваю «Супержаўнер для войнаў будучыні». Там сцвярджаецца: у расейскімі войску актыўна выкарыстоўваюцца методыкі баявой парапсіхалогіі, пры дапамозе якой можна, напрыклад, чытаць дакументы ў закрытым сейфе, напісаныя на мове, якой жаўнер не ведае.

Артыкул падрыхтаваў палкоўнік запасу Мікалай Параскоў, які сцвярджае, што баявую парапсіхалогію расейскія спецназаўцы выкарыстоўвалі яшчэ падчас вайны ў Чачэніі. З выкарыстаннем гэтай методыцы можна, напрыклад, весці «невербальны допыт» узятага ў палон жаўнера і дакладнасць такога допыту нібыта стопрацэнтная. «Тэхналогіі процідзеяння такому допыту навучаюцца байцы спецназа на выпадак траплення ў палон, вышэйшыя асобы краіны або кіраўнікі буйных прамысловых і банкаўскіх структураў – для захавання дзяржаўнай або камерцыйнай таямніцы», – сцвярджаецца ў артыкуле.

Паводле выдання Мінабароны РФ, такія методыкі дапамагаюць вайскоўцам у засваенні замежных моваў, лячэнні ў баявых умовах, выяўленні засад, складоў і схованак ворага. Расейцы навучыліся тэлепатыі, працуючы з дэльфінамі, сцвярджае часопіс Мінабароны.

«Больш за тое, апынулася магчымым уздзеянне нават на тэхніку. Высілкам думкі можна, напрыклад, збіваць камп’ютарныя праграмы, спальваць крышталі ў генератарах, падслухоўваць размова або парушаць тэле- і радыёперадачы, камунікацыі. Удачай завяршыліся такія эксперыменты, як: прачытанне дакументу, які ляжыць у сейфе, нават калі ён на замежнай мове, якой мы не валодаем; вызначэнне асобаў, якія ўваходзяць у тэрарыстычную сетку; выяўленне патэнцыйных кандыдатаў у тэрарыстычныя групоўкі», – адзначаецца ў тэксце артыкулу.

Парапсіхалагічныя тэхнікі таксама дазваляюць чалавеку авалодаць надзвычайнымі магчымасцямі – доўгі час не ўжываць ежу і ваду, соднямі не спаць і захоўваць пры гэтым бадзёрасць.

Старшыня камісіі па барацьбе з ілжэнавукай пры прэзідыуме РАН Яўген Аляксандраў заявіў РБК, што «баявая парапсіхалогіі» зʼяўляецца выдумкай і прызнаная лжэнавуковай.

«Ніякай парапсіхалогіі наагул не існуе, гэта казкі. Усе размовы аб перадачы думкі на адлегласці не маюць навуковай падставы, няма ніводнага такога зафіксаванага выпадку, гэта проста немагчыма. Гэта спосаб выціскаць сродкі з дзяржаўнага бюджэту», – распавёў Аляксандраў.

Hавiны
Мінабароны РФ выклала фэйкавыя фота «бясспрэчнага» доказу супрацы ЗША з тэрарыстамі. Выдаліла і зноў выклала
2017.11.14 18:23

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў