Віталь Портнікаў «Чарнобыль» і Дзяржынск – катастрофы не вучаць уладу казаць праўду

Украінскі публіцыст, пісьменнік і тэлевядучы.

Аварыя на ваенным заводзе «Крышталь» у расейскім Дзяржынску стала нечаканай ілюстрацыяй да паказу амерыканскага серыялу «Чарнобыль» – адной з самых папулярных прэм’ер апошняга часу.

Самыя фатаграфіі Дзяржынска ў момант выбуху – нібыта кадры з гэтага сумнага серыялу. Шэрыя панэльныя хаты з савецкага мінулага, якія давяць на псіхіку, змрочныя і мёртвыя, пабудаваныя быццам не для жыцця, а для кароткай перадышкі перад працай. І над усім гэтым вечным кашмарам тыповага савецкага гарадка – слуп атрутнага дыму, які падазрона нагадвае ядравы «грыб» (добра, што гэта толькі візуальная асацыяцыя).

Дзясяткі асобаў пацярпелі праз выбух на заводзе ў расейскім Дзяржынску

 

Чарнобыль і Прыпяць былі не такімі – гэта ўсё ж былі не гарады ВПК. Гэта былі гарады атамнікаў, сімвалы прагрэсу і новай тэхнічнай інтэлігенцыі. Хоць у серыяле гэтага ўжо не ўбачыць, бо глядач уваходзіць у яго ў першыя хвіліны пасля адной з самых страшных аварый у гісторыі ХХ стагоддзя – і потым ужо ў гэтай трагедыі жыве разам з яе ўдзельнікамі.

Беларусы і ўкраінцы ўспрымаюць Чарнобыль, як замежнікі

Маштабы гэтай катастрофы, зрэшты, да канца не засвоеныя менавіта постсавецкім грамадствам. Здавалася б, менавіта мы, ва Украіне ці Беларусі – галоўныя ахвяры Чарнобыля. Наша культура мусіла развівацца менавіта на сучасных формах усведамлення трагедыі. Але тэма, хутка падхопленая спадкаемцамі «шасцідзясятнікаў», – такімі, як беларуска Святлана Алексіевіч або ўкраінец Юрый Шчарбак – хутка саступіла ў грамадскай свядомасці месца зусім іншым праблемам.

Яна не стала болем і натхненнем маладых – і зараз ужо амерыканцы распавядаюць новаму пакаленню ўкраінцаў і беларусаў, праз якую безвыходнасць прайшлі іх народы пасля чарнобыльскай трагедыі. І шмат хто здзіўляецца гэтаму, як быццам яны замежнікі, таму што многія і жывуць амаль як замежнікі ў сваіх уласных краінах, паколькі тэма Чарнобыля дагэтуль заставалася нібы на перыферыі іх свядомасці.

Ліквідатары ЧАЭС распавялі, чаго не хапае серыялу «Чарнобыль»

Сіндром «паслячарнобыльскіх катастрофы»

У Расеі ж «іншаземка» – сама ўлада. Расейскі глядач, вядома, таксама глядзіць «Чарнобыль» і прыходзіць у жах. А побач з ім гарыць Дзяржынск, і грамадзянін не ведае, ці можа давяраць афіцыйнай інфармацыі пра новую аварыю. Што на самой справе адбылося на ваенным заводзе, якія наступствы аварыі для людзей і экалогіі? І гэта не першая і не апошняя такая «паслячарнобыльская» катастрофа.

Дарэчы, менавіта таму балтыйскія суседзі Беларусі з такой асцярогай ставяцца да будаўніцтва АЭС у краіне і не разумеюць, як кантраляваць і бяспеку будаўніцтва, і бяспеку працы.

Пытанне – як кантраляваць – застаецца галоўным для разумення сэнсу таго, што нам паказваюць у «Чарнобылі», і таго, што адбываецца з постсавецкімі грамадствамі цяпер. Аварыя страшная не толькі сама па сабе, яна небяспечная яшчэ і адсутнасцю кантролю грамадства над уладай, татальным дэфіцытам узаемнага даверу і неразуменнем – сказалі табе на гэты раз праўду ці зманілі. Гэта тое, ад чаго патроху сыходзіць Украіна, і тое, ад чаго Расея ці Беларусь нават і не думаюць сыходзіць вось ужо тры з лішнім дзесяцігоддзі.

Тады, у красавіку 1986 года, мы ўсё ж вельмі спадзяваліся, што нам скажуць праўду. А нам хлусілі. І мы мелі ўсе падставы разлічваць, што пасля Чарнобыля, пасля катастрофы, якая не шкадуе ні першага сакратара ЦК, ні шарагоўца, хлусіць больш не будуць.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Лукашэнка і «брудная нафта» Крамля

Віталь Портнікаў/MB, для belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары