Чарговы паход беларусаў за пуцёўкай на Еўра-2020


Нацыянальная футбольная зборная Беларусі распачынае чарговае шэсце за доўгачаканаю і ні разу не здабытаю пуцёўкай на чэмпіянат Еўропы – 2020. Нашая каманда ўжо ў Менску і працягвае падрыхтоўку да старту ў Еўракваліфікацыі. Расшыраны спіс прэтэндэнтаў, якіх вызваў на збор наш галоўны трэнер Ігар Крывушэнка, даволі ўнушальны.

Галкіперы:

Андрэй Гарбуноў («Тарпеда-БелАЗ»), Аляксандр Гутар («Дынама – Берасце»), Андрэй Клімовіч («Шахцёр»), Дзяніс Шчарбіцкі, Антон Чычкан (абодва БАТЭ).Абаронцы: Аляксандр Марціновіч («Краснадар»), Ігар Шытаў («Дынама-Менск»), Дзяніс Палякоў («Урал»), Максім Валадзько («Арсенал»), Сяргей Паліцэвіч («Кайрат»), Міхаіл Сівакоў («Аранбург»), Аляксей Рыас, Захар Волкаў (абодва БАТЭ), Аляксандр Паўлавец («Дынама-Берасце»).

Паўабаронцы:

Аляксандр Глеб, Станіслаў Драгун, Дзмітрый Бага (усе БАТЭ), Ігар Шытаў („Дынама-Менск”), Сяргей Кісляк, Павел Няхайчык, Павел Савіцкі (усе «Дынама Берасце»), Антон Пуціла («Алтай»), Сяргей Балановіч, Юрый Кавалёў (абодва «Шахцёр»), Міхаіл Гардзяйчук («Табол»), Іван Маеўскі («Астана»), Юрый Кендыш («Шэрыф»).

Нападнікі:

Мікалай Сігневіч («Фэрэнцвараш»), Дзяніс Лапцеў («Дынама-Берасце»), Антон Сарока («ЛОкерэн»), Максім Скавыш (БАТЭ).

Сёння адбылася прэс-канферэнцыя галоўнага трэнера нашай каманды Ігара Крывушэнкі, які паведаміў журналістам, як праходзіць падрыхтоўка да двух найбліжэйшых гасцявых матчаў зборнай Беларусі ў кваліфікацыі Еўра-2020.

Ігар Крывушэнка. Фота abff.by

Ігар Крывушэнка – галоўны трэнер нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі: «Мы ўважліва сочым за нашым чэмпіянатам, моладзеваю камандаю мінулага і новага склікання. Глядзім, хто можа дапамагчы зборнай. Ёсць хлопцы, але камусьці не хапае стабільнасці, а хто не так шмат гуляе. Ёсць нюансы. Зразумелая рэч, маладыя футбалісты больш матываваныя і галодныя, але ёсць панятак «футбольнае майстэрства». Будзе яно вышэйшае – не з’явіцца ніякіх пытанняў. Цяпер у зборнай плюс-мінус сабраныя найлепшыя».

Затым ужо трэнерскі штаб правёў трэнінгавы занятак каманды, першыя 15 хвілінаў якога былі адкрытыя для прадстаўнікоў медыяў, якія змаглі наўпрост пагутарыць з гульцамі і задаць ім свае пытанні. Не магла не скарыстацца з такой магчымасці і нашая здымачная група.

Станіслаў Драгун, паўабаронца Зборнай Беларусі:

«Настрой баявы, нас чакае дзве выязныя цяжкія сустрэчы, усе сканцэнтраваныя, і будзем імкнуцца даць станоўчы вынік. Безумоўна, група наша вельмі цяжкая, два яскравыя фаварыты, супраць якіх любой камандзе ў свеце будзе цяжка супрацьстаяць, і мы не выключэнне. Таму мы пастараемся проста аддаць усе свае сілы, паказаць свой характар, згуртаванасць у калектыве, каб дасягнуць пастаўленых мэтаў».

Станіслаў Драгун. Фота football.by

Увечары 19-га сакавіка нашая дружына адправіцца ў Ротэрдам, дзе 21-га сакавіка ў межах стартавага дня кваліфікацыі Еўра-2020 правядзе двубой супраць каманды Нідэрландаў. Супрацьстаянне на стадыёне «Фэеноўрд» распачнецца а 22.45 паводле беларускага часу.

Затым 22-га сакавіка Крывушэнка і кампанія здзейсняць пералёт у Бэлфаст, дзе 24-га сакавіка згуляюць наступную сустрэчу ўжо з калектывам Паўночнай Ірландыі. Стартавы свісток на стадыёне «Ўіндзар Парк» таксама прагучыць а 22:45.

Нацыянальная футбольная зборная Беларусі. Фота abff.by

Беларусь адпаведна лёсаванню групавой стадыі Еўра-2020 трапіла ў даволі складаны квінтэт С, дзе, апроч вышэйназваных зборных, нам належыць згуляць яшчэ з Нямеччынаю і Эстоніяй.Адборачны турнір чэмпіянату Старога Свету будзе праводзіцца з сакавіка 2019 года да сакавіка 2020 года, па выніках якога будуць вызначаныя 24 зборныя, якія атрымаюць пуцёўкі ў фінальны раўнд першынства. Адбор таксама будзе звязаны і з правядзеннем турніру Лігі нацыяў УЕФА, які дасць краінам дадатковую магчымасць для ўдзелу ў фінальных спаборніцтвах. Упершыню з 1976 года ніводная каманда не атрымае аўтаматычнага права ўзяць удзел у фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы ў якасці прымальнага боку. У кваліфікацыі будуць змагацца 55 нацыянальных камандаў.

Гарады арганізатары Еўра-2020

Амстэрдам (Нідэрланды), Баку (Азербайджан), Більбаў (Іспанія), Будапэшт (Вугоршчына), Бухарэст (Румынія), Глазга (Шатландыя), Дублін (Ірландыя), Капэнгаген (Данія), Мюнхен (Нямеччына), Рым (Італія), Санкт-Пецярбург (Расея), Лондан (Англія).

Матч адкрыцця Еўра-2020 адбудзецца 12-га чэрвеня ў Рыме на стадыёне «Алімпіка», а фінальны двубой намечаны на 12-га ліпеня і пройдзе на арэне «Ўэмблі» ў Лондане.

Дзмітрый Сухановіч belsat.eu

Стужка навінаў