«Cамі ўвесь час парушаюць закон». Маці не дазволілі прадстаўляць інтарэсы свайго сына ў судзе

Ірына Шаркоўская каля суду. Фота: МГ / belsat.eu

У Менску суддзя не задаволіў скаргі на неправамоцныя дзеянні міліцыянтаў, не дазволіўшы пры гэтым маці быць прадстаўніцаю свайго асуджанага сына. Пра гэта з залы суда паведамляе карэспандэнт «Белсату».

7 траўня ў Савецкім судзе Менску адбыўся разгляд скаргі Уладзіслава Шаркоўскага, які асуджаны паводле ч. 4 арт. 328 КК, на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць аператыўных супрацоўнікоў. У скарзе сярод іншага адзначаецца, што пры затрыманні хлопца (тады яму не было і 18 гадоў) збівалі, не давалі есці ды піць, своечасова не паведамілі пра затрыманне бацькам і г.д., але 22 студзеня 2019 года Следчы камітэт адмовіўся распачынаць крымінальную справу ў дачыненні да міліцыянтаў.

Першае паседжанне суду адносна скаргі адбылося 29 красавіка, але тады СК не перадаў матэрыялы праверкі ў суд, у выніку чаго паседжанне перанеслі.

«Няма чаго разглядаць». Міліцыянтаў вінавацяць у збіцці падлетка, але праверка не пабачыла парушэння закону

Каб азнаёміцца з матэрыяламі справы, маці Уладзіслава Ірына Шаркоўская прыехала ў суд за паўгадзіны да прызначанага часу, але ўсё марна – ёй іх не паказалі. Само паседжанне пачалося са спазненнем на паўгадзіны.

У сваім слове пракурорка Вольга Емяльянчанка адзначыла, што жанчына не можа прадстаўляць інтарэсы свайго сына, бо яму ўжо споўнілася 18 гадоў, а маці не з’яўляецца адвакаткай. Суддзя Аляксандр Воўк з такой аргументацыяй пагадзіўся і абвесціў перапынак.

Пасля перапынку дзяржаўная абвінаваўца заявіла пра неабгрунтаванасць скаргі на тое, што была не распачатая крымінальная справа. Паводле яе, паколькі па гэтым факце ўжо праводзілася праверка, то падставаў для задавальнення скаргі няма. Суддзя Воўк зноў жа пагадзіўся з ейнымі высновамі. У выніку скаргу не задаволілі.

«Усё незаконна. Усё не паводле закону робіцца. Яны самі ўвесь час парушаюць закон», – пракаментавала вынікі паседжання Ірына Шаркоўская.

Яна адзначыла, што, згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі, «кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе».

Жанчына сказала, што мае афіцыйную даверанасць ад свайго сына на прадстаўленне ягоных інтарэсаў. Дзякуючы гэтай даверанасці яна раней здолела азнаёміцца з матэрыяламі справы Уладзіслава.

«З матэрыяламі следства я азнаёміцца магла, а тут я рэзка не магу», – падкрэсліла жанчына.

 

Скарга на рашэнне суду

Згаджацца з рашэннем суду Ірына Шаркоўская не збіраецца. Яна ўжо напісала скаргу на суддзю Аляксандра Воўка за тое, «што ён найгрубейшым чынам парушыў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь». У сувязі з гэтым яна просіць адмяніць рашэнне суддзі ды «даручыць разгляд справы іншаму суддзі, які паважае Канстытуцыю».

МГ belsat.eu

Hавiны