«Няма чаго разглядаць». Міліцыянтаў вінавацяць у збіцці падлетка, але праверка не пабачыла парушэння закону


Уладзіслаў Шаркоўскі. Фота з сямейнага архіву

29 красавіка ў судзе Савецкага раёну Менску мусіў адбыцца разгляд скаргі Уладзіслава Шаркоўскага на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць аператыўных супрацоўнікоў. Але матэрыялаў праверкі ў суд не перадалі.

Няпоўнагадовага Уладзіслава Шаркоўскага затрымалі 16 сакавіка 2018 года, а ў верасні таго ж года асудзілі як удзельніка арганізаванай групы паводле часткі 4 артыкула 328 КК на 10 гадоў пазбаўлення волі.

«Ён шукаў працу, і яму прыйшла абвестка ў сацыяльных сетках з прапановай распаўсюджваць курыльныя сумесі. Ён вельмі шмат разоў пытаўся, ці сапраўды гэта легальна. І яму адказвалі ў абвестцы, што гэта легальна. Дзіця не параілася, маладое, захацела само паспрабаваць, і пачало распаўсюджваць курыльныя сумесі. Калі аператыўнікі да яго падышлі, ён пачаў здагадвацца, што гэта нелегальна. Ён вельмі мала прапрацаваў, літаральна тыдзень», – адзначыла ў каментары belsat.eu маці Уладзіслава Ірына.

Білі, не давалі есці ды піць

Пра затрыманне жанчыне паведамілі праз 5 гадзін, а пабачыць сына дазволілі толькі на наступны дзень. Тады ж з’явіўся і адвакат. 16 сакавіка 2018 года, калі і затрымалі хлопца, датаваны дакумент пра распачацце крымінальнай справы. У дакуменце нібыта стаіць подпіс жанчыны. Суразмоўца адзначае, што дакумент яна не падпісвала, а сам подпіс падроблены.

Ірына кажа, што не падпісвала гэты дакумент.
Фота: МГ / belsat.eu

У снежні 2018 года сын паведаміў жанчыне, што яго пры затрыманні збівалі ды ўжывалі псіхалагічны ціск, 35 гадзінаў не давалі есці ды піць. У выніку напісалі заяву ў апеляцыйны суд, але ў студзені 2019 года прыйшла адмова распачынаць крымінальную справу на супрацьпраўныя дзеянні міліцыянтаў.

Толькі праз некаторы час жанчына змагла азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Паводле яе, некалькі месяцаў ёй не хацелі даваць доступ да дакументаў.

«Затым пачаў следчы прасіць у мяне падпіску пра неразгалошванне, хоць не мае на гэта права. Я сказала, што не буду падпісваць. Мне давялося наняць адваката, каб ён ім патлумачыў, што яны няправільна дзейнічаюць, што мы будзем гэта ўсё адно абскарджваць. Тады толькі дазволілі», – сказала Ірына.

Але ёй усё адно не дазволілі фатаграфаваць матэрыялы праверкі. На тое, каб перапісаць іх ад рукі, сышло некалькі месяцаў. Суразмоўца адзначыла, што якасць многіх дакументаў была настолькі нізкай, што значную частку іх зместу было проста нябачна.

«Следчая, на маю думку, апытвала не ўсіх аператыўнікаў. Задавала павярхоўныя пытанні. Палова пытанняў, якія маюць значэнне, не задавалася зусім», – заявіла Ірына.

«Сёння няма чаго разглядаць»

Пасля напісалі абскарджанне на адмову распачаць справу. 23 красавіка 2020 года яно было выслана, а на 29-е прызначылі судовае разбіральніцтва.

Судовае паседжанне пачалося з затрымкай амаль на 40 хвілінаў – у судзе чакалі паступлення матэрыялаў праверкі, але яны так і не паступілі. У выніку ў разбіральніцтве абвесцілі перапынак на 7 траўня.

«Сёння няма чаго разглядаць», – дадаў суддзя і пакінуў паседжанне.

Ірыну Шаркоўскую такое развіццё падзеяў здзівіла.

«Дзіўна атрымліваецца. Калі суд прызначаецца, значыць, павінны былі паступіць матэрыялы праверкі?» – задаецца пытаннем жанчына.

У адрозненні ад іншых частак артыкула 328 КК, 4-ю ўчастку дагэтуль не закранала амністыя. Сёлета плануецца, што амністыя зменшыць пакаранне паводле гэтай часткі на 1 год. Але для асуджанага на 10 гадоў гэта вельмі мала, падкрэсліла маці.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў