ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі ў матчы за Суперкубак Расеі перамог маскоўскі «Лакаматыў» у дадатковы час з мінімальным лікам 1: 0. Пераможны гол забіў Хетагу Хосонаў, які вызначыўся на 106-й хвіліне гульні. Матч прайшоў у Ніжнім Ноўгарадзе.
Дзякуючы перамозе, ЦСКА пабіў уласны рэкорд па колькасці заваяваных Суперкубкаў Расеі: трафей стаў для клубу сёмым.
У гульнях за Суперкубак, якія адкрываюць новы сезон, звычайна сустракаюцца чэмпіён і ўладальнік Кубка. У мінулым сезоне Кубак Расеі ўпершыню ў гісторыі выйгралі футбалісты «Тосна» з Ленінградскай вобласці, але пазней клуб спыніў існаванне і замест яго з расейскім чэмпіёнам «Лакаматывам» за Суперкубак змагаўся сярэбраны прызёр ЦСКА.
Пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі каманда два разы запар займала другое месца ў чэмпіянаце Расеі і дайшла да 1/4 фіналу Лігі Еўропы.
У 56 матчах з Ганчарэнкам «чырвона-сінія» атрымалі 32 перамогі, яшчэ 11 сустрэчаў завяршыліся ўнічыю. Беларускі спецыяліст – адзін з лепшых трэнераў у гісторыі клубу па адсотку перамог – 57,14 %.
На мінулым тыдні клуб працягнуў кантракт з Ганчарэнкам да канца сезону 2019/20.
У 2007–2013 гадах Ганчарэнка займаў пасаду галоўнага трэнера барысаўскага БАТЭ – першага (і пакуль адзінага) беларускага клубу, які выходзіў у групавыя этапы Лігі чэмпіёнаў.
ДД