Былому спецназаўцу за забойства бізнесоўца з Беразіно далі пажыццёвае


Менскі абласны суд 26 ліпеня асудзіў абвінавачанага ў забойстве бізнесоўца ў Беразіне Аляксея Сінькевіча да пажыццёвага зняволення. Яго прызналі вінаватым у забойстве, вымагальніцтве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, нашэнні ды перавозцы агняпальнай зброі.

З Сінькевіча таксама на карысць жонкі забітага спагналі Br 30 тыс., паведамляе БелТА.

Hавiны
СК раскрыў забойства пад Беразіном: былы спецназавец забіў былога працаўніка ДФР праз 500 тысяч долараў
2019.05.27 11:52

Абвінавачваны не прызнаў віну, заявіўшы, што яго судзяць на падставе звестак ад “стукачоў, інфарматараў і іншых зацікаўленых асобаў, якія даюць супярэчлівыя і нічым не пацверджаныя паказанні”, перадае TUT.by.

Другому фігуранту справы, Расціславу Светчыкаву, прызначылі 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Hавiны
«Вытанчанае злачынства». Па справе аб гучным забойстве бізнесоўца пад Беразіном выстаўлены абвінавачанні
2019.03.27 09:26

Нагадаем, у верасні 2016 года пад Беразіном знайшлі спалены аўтамабіль Audi Q5, у якім знаходзіўся труп 41-гадовага камерсанта, былога працаўніка Дэпартамента фінансавых расследаванняў Сяргея Мяцельскага.

Як сцвярджаюць у СК, злачынца сеў у машыну камерсанта каля дома Мяцельскага, застрэліў яго па дарозе ў Менск і падпаліў аўто. Калі падпаленую машыну ўбачыў працаўнік МНС, што праязджаў міма, то забойца адагнаў яго стрэламі.

Паводле прадстаўніка ГУБАЗіКа Уладзіміра Ціхіні, Сінькевіч «служыў не адзін дзясятак гадоў у спецпадраздзеленнях Рэспублікі Беларусь». Менавіта ён непасрэдна забіў Мяцельскага. Разам са Светчыкавым яны вымагалі доўг у Мяцельскага ў памеры $ 500 тыс. Той не хацеў іх аддаваць, і таму Сінькевіч застрэліў камерсанта.

У СК лічаць, што забойства не планавалася – меў месца «эксцэс выканаўцы». Следчыя адзначаюць, што Светчыкаў і Сінькевіч мелі дачыненне да забойства менеджара Андрэя Касяка, які, на іх думку, і замовіў вымагальніцтва.

Касяка забілі праз паўтара месяца пасля забойства бізнесоўца. За гэта злачынства ў 2018 годзе Светчыкава і Сінькевіча прысудзілі да 23 і 24 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў