Былому міліцыянту, які забіў 19 жанчын, паўторна далі пажыццёвы тэрмін


Новасібірскі абласны суд паўторна асудзіў былога міліцыянта Яўгена Чуплінскага на пажыццёвы тэрмін зняволення.

У верасні 2018 года Вярхоўны суд Расеі адмяніў прысуд праз працэсуальныя парушэнні.

Раней суд прысяжных вынес вердыкт, прызнаўшы Чуплінскага вінаватым у забойстве 19 жанчын.

З 1998 па 2005 год на тэрыторыі Новасібірску і ў ваколіцах мужчына забіў 19 жанчын. У якасці ахвяраў ён выбіраў, у асноўным, прастытутак.

«З некаторымі ён спачатку ўступаў у інтымную сувязь, а іншых адразу правакаваў на канфлікт, пасля чаго забіваў. Трупы мужчына расчляняў, а часткі целаў і рэчы пацярпелых хаваў у розных канцах гораду і вобласці», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы пракуратуры Новасібірскай вобласці.

Выйсці на след забойцы ўдалося дзякуючы малекулярна-генетычным даследаванням. Падчас экспертызы сляды мужчыны знайшлі на адным з прадметаў адзення пацярпелай.

У расейскіх медыях Чуплінскага называюць «Новасібірскім Джэкам-Трыбушыльнікам». У 2003 годзе Чуплінскі выйшаў на пенсію з медалём «За выдатную службу» і 46 граматамі. Ён тройчы быў жанаты. Першае забойства Чуплінскі здзейсніў праз месяц пасля першага вяселля.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў