Былога старшыню Менскага раённага суда асудзілі на пяць гадоў калоніі


Аляксандр Хаванскі ў судзе.
Фота: Вадзім Заміроўскі, «Tut.by»

Вярхоўны суд прызнаў вінаватым у карупцыі былога старшыню Менскага раённага суда Аляксандра Хаванскага і прысудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі. Паводле абвінавачвання, Хаванскі фіктыўна браў на працу людзей, а частку іхных заробку пакідаў сабе. Абвінавачаны не прызнаваў сябе вінаватым, падае «Tut.by». Пасля абвяшчэння прысуду 14 красавіка яго затрымалі.

Абвіначвалі Хаванскага паводле ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж з выкарыстаннем службовага становішча і ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай). Пакаранне паводле гэтых злачынстваў прадугледжвае да 12 гадоў зняволення.

У абвінавачанні гаварылася, што на пасадзе старшыні суда Аляксандр Хаванскі фіктыўна ўзяў на працу сем чалавек і распараджаўся іхнымі заробкамі, прэміямі і матэрыяльнай дапамогай. Гаворка ідзе аб тэхнічных супрацоўніках – дворніку, гардэробшчыку, кур’еры, інжынеры-праграмісце і іншых. Згодна з дакументамі, адна з працаўніц суда датэрмінова выйшла з адпачынку па даглядзе за дзіцём, але на самой справе не працавала. Паводле следства, у Хаванскага былі банкаўскія карткі гэтых людзей ды іхныя PIN.

Паводле следства, былы старшыня суда таксама пераканаў трох дзейных на той момант супрацоўніц напісаць заяву на аказанне ім матэрыяльнай дапамогі, пасля чаго жанчыны знялі грошы ў банкамаце і часткова або цалкам перадалі іх Хаванскаму (ад Br 24,5 да Br 90).

Следства ацаніла агульную шкоду ў Br 22 000.

Дзяржабвінаваўца запрасіў для абвінавачанага шэсць гадоў пазбаўлення волі, суд у выніку прызначыў пяць гадоў.

Вядома, што Хаванскі бараніў сябе сам.

На працэсе былы суддзя прызнаў, што здымаў грошы з картак, але заявіў, што выдаткоўваў іх на патрэбы суда: набываў канцтавары, дрэвы для добраўпарадкавання, аплачваў рамонтныя работы, бо фінансавання на гэтыя патрэбы не было.

«Сябе вінаватым не прызнаю, – заявіў Аляксандр Хаванскі ў судзе.

Паводле абвінавачанага, падчас папярэдняга следства з боку следчага былі дапушчаныя шматлікія парушэнні.

У жніўні 2016 году Аляксандр Лукашэнка вызваліў Хаванскага ад пасады ў сувязі з учынкам, «не сумяшчальным са знаходжаннем на дзяржаўнай службе». У чэрвені 2017-га былога суддзю затрымалі. Два гады ён находзіўся ў СІЗА (гэты тэрмін залічыцца пры адбыцці пакарання), сёлета ў сакавіку яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

У апошні час Хаванскі працаваў памочнікам старшыні праўлення РРБ-Банка.

Абвінавачанага ўзялі пад варту ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў