Ці прасыпаўся бязвіз залатым дажджом над Горадняй? Ці гатовы быў горад прыняць такую колькасць турыстаў? Чаго ім, турыстам, не хапае? У цэнтры адчыняюцца дзясяткі новых кавярняў ды бараў, але ці ўсё задавальняе ўласнікаў? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказу карэспандэнты Belsat.eu.
У выходныя дні ў Горадні ўсё часцей чуваць польскую, літоўскую ды ангельскую мову, асабліва ў цэнтры гораду. У 2017 годзе ў Горадні налічылі 53 тысячы бязвізавых турыстаў, у 2018-ым – 80 тысяч. Сёлета ў сярэдзіне чэрвеня ўжо сустрэлі 50-тысячнага турыста, канчатковая лічба з’явіцца бліжэй каталіцкіх калядаў.
З 10-га лістапада бязвізавыя тэрыторыі Горадні і Берасця аб’яднаюць у адну, дадаўшы яшчэ некалькі раёнаў, а сам тэрмін перабывання для замежнікаў падоўжаць з 10-ці да 15-ці сутак.
Зразумела, што паток турыстаў спрыяе зменам у Горадні: ледзьве не кожны тыдзень тут адчыняюцца новыя кавярні ды рэстараны. З апошняга – рэстаран «Беласток» з традыцыйнай беларускай кухняй ды фірмовымі настойкамі, які, паводле экскурсаводаў, вельмі любяць палякі. Іншыя ўстановы, створаныя яшчэ перад масавым прыходам замежнікаў, спрабуюць не адставаць, прапануючы турыстам свае «фішачкі» або друкуючы польска- ды англамоўныя меню.
«Да нас водзяць на экскурсію па каву па-паўстанцку, то бок – з самагонам, – распавядае Зміцер Захарка, уладальнік кавярняў «Наша Кава» ды «Справа». – Палякі ўжо і без экскурсавода сюды прыходзяць. Ёсць, прыкладам, гастранамічная экскурсія – да нас па каву па-паўстанцку, у іншае месца – па марозіва з грыбамі, дзесьці яшчэ на абед. Я бачу сэнс у гэтым: рабіць нешта эксклюзіўнае, а не бязлікае. Тады і людзі будуць вяртацца штораз».
Паводле Змітра, бязвіз не стаў для яго вырашальным штуршком, а новыя праекты (бар «Справа» адчыніўся сёлета ўлетку) – гэта хутчэй плён развіцця бізнесу ды больш лагоднае заканадаўства ў параўнанні з тым, што было некалькі год таму.
«Зараз нашмат прасцей адкрыць невялічкую кавярню, – працягвае Зміцер. – Бярэш выведзеную з жылога фонду кватэру на першым паверсе і робіш. Калі ж мы адчынялі «Нашу Каву», першую кавярню, то прайшлі ўсе колы пекла… Падрастае маладое пакаленне, мабыць, гатовае рызыкаваць. І гэта добра. Можа, нехта і на нас паглядзеў, думаючы, што мы грошы рыдлёўкай грабем (смяецца)».
На думку Змітра, турыстам найперш цікавыя месцы, дзе можна добра паесці, асабліва калі гэта вялікая група з аўтобуса на 50 месцаў. Увечары цікава добра адпачыць з півам і танцамі. Ягоны ж профіль – кава, гарбата, віно, таму і арыентаваны ён больш на мясцовых ці турыстаў-самотнікаў. Разам з тым, у ягоных планах адчыніць з часам і піўны бар.
Прагучыць дзіўна, але турыстаў кавярні часцяком цікавяць зусім не ў плане напояў, але… з-за прыбіральняў. У старым горадзе наўпрост катастрафічна не хапае грамадскіх прыбіральняў, а ў бары ці кавярні паводле закону персанал наўпрост не можа адмовіць чалавеку з вуліцы. Таму часам можна назіраць дзіўную карціну: спыняецца каля кавярні вялікі аўтобус, а гід вядзе дзясяткі людзей у прыбіральню бліжэйшай кавярні. Гаспадары не радыя, але што яны могуць зрабіць?
Уладальнікі кавярняў – гэта як мясцовыя дробныя камерсанты, якія толькі спрабуюць сябе ў гэтай справе, так і вопытныя гульцы з замежжа. Напрыклад, некалькі ўстановаў, што знаходзяцца ў Гандлёвым доме «Нёман» і побач («Большой буфет», «Крыша мира») належаць расейцам. Іншыя папулярныя ўстановы ў раёне Савецкай плошчы («Werden», «Svaboda») стваралі бізнесоўцы з Пецярбурга. Можа падацца дзіўным, але менавіта там можна сустрэць шоты «Ня быць скотам» ды «Маладая Беларусь», паспрабаваць кактэйлі паводле твораў нашых аўтараў: Міцкевіча, Танка або Коласа.
«Турысты – гэта вельмі крутая тэма, – усміхаецца Тамаш Анікеіч, карэнны гарадзенец, уладальнік бару «Корица». – Могуць зайсці кампаніяй у 15-20 чалавек, добра пасядзець да закрыцця ўстановы. Палякаў заходзіць шмат. У мяне ўжо кніга скаргаў і прапановаў сканчаецца – столькі запісаў з падзякамі, шмат таксама і па-польску. Пытанне мовы не стаіць: яны спытаюць па-польску, мы адкажам – усе адзін аднаго разумеюць».
Часам у барах старога гораду ўзнікаюць праблемы з уласнікамі кватэраў, якія месцяцца ў тых жа камяніцах. Калі, скажам, бар працуе да 2-ой ці 4-ай ночы, жыхары скардзяцца на гучную музыку ці шум. У выніку, улады змушаныя абмяжоўваць час працы ўстановы да 23.00, а гэта фактычна «забівае» бізнес: у гэты час, асабліва ў выходныя, толькі пачынаецца наплыў гасцей.
Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: вялікая колькасць жылых кватэраў у старых камяніцах стрымлівае развіццё рэстараннага бізнесу, часцяком пазбаўляе ўласніка – прыбытку, супрацоўнікаў – працы, а дзяржаву – падаткаў.
Што вязуць бязвізавыя турысты дадому? Літоўцы і латышы – лён, лекі, абутак (шануюць «Марка» і «Белвест»), касметыку ад «Беліта», бялізну, слодычы. Элітнага алкаголю Беларусь ім фактычна прапанаваць не можа: наша старка ў параўнанне з іхнымі адпаведнікамі не ідзе. Палякі ж часцяком купляюць звычайную гарэлку, спрабуюць правезці таксама сыркі ў шакаладзе ды сала (хоць гэта і забаронена). Паводле экскурсаводаў, як не дзіўна, палякі шукаюць у Горадні матрошкі.
Паводле Андрэя Несцяровіча, уласніка этнакрамы «Цудоўня», заходзіць багата палякаў ды расейцаў, менш – літоўцаў, бываюць таксама і немцы, і французы, і госці з ЗША. Калі заходзіць група, то людзі, зазвычай, нават часу не маюць паглядзець асартымент – хіба набыць пару магнітаў. Таму разлік ідзе найперш на індывідуальных турыстаў, якія нікуды не спяшаюцца і не баяцца адстаць ад экскурсавода.
«Калі да мяне заходзяць 15 палякаў, з імі сыходзіць 5 магнітаў, – распавядае Андрэй. – Калі ж прыйдзе адзін разважлівы немец, то пойдзе некалькі саколак, скураны заплечнік, нешта з керамікі, страла з крамянёвым наканечнікам… Бываюць турысты-меламаны, з якімі можна доўга гутарыць, слухаць музыку, а пасля яны забяруць палову дыскаграфіі Кірчука з этнаспевамі».
Паводле Андрэя, зусім не надпісам «Горадня» ці выявай Каложскай царквы на пластыкавым магніціку варта прыцягваць турыстаў, але атмасфернымі мясцовымі рэчамі: чорнай керамікай, літымі ўпрыгожаннямі паводле археалагічных знаходак, аўтэнтычнымі вырабамі са скуры і шкла.
Напрыканцы мы вырашылі пагутарыць з экскурсаводам Уладзем, які папрасіў не называць ягонага прозвішча, бо экскурсіі ён водзіць без ліцэнзіі. Гэта, дарэчы, таксама знак часу: каб не губляць часу на афіцыйнае афармленне праз здачу экзамену ды не плаціць падаткаў, шмат хто з гарадзенцаў водзіць замежнікаў па горадзе «пад чорным сцягам».
«Шмат адчыняецца кавярняў і гэта добра, – кажа Уладзь. – Але дзе рэстарацыі, каб паесці? Іх вобмаль. Традыцыйная беларуская кухня найчасцей зводзіцца да… бульбы. А дзе сала? Дзе свой фірмовы алкаголь? Ну і кошты ў нас еўрапейскія – варшаўскія. Бачаць, што турысты едуць, і думаюць, што тыя сюды мяхі грошаў вязуць, будуць гуляць на шырокую нагу. А прагматычны еўрапеец глядзіць на кошты, пералічвае і яго жах бярэ. У тым жа Львове ўсё танней нашмат, а сэрвіс лепшы».
Уладзь кажа, што адзін з плюсаў бязвізу – гэта разбурэнне стэрэатыпаў пра Беларусь як «апошнюю дыктатуру». Людзі, здараецца, прыязджаюць з лёгкай бояззю, але пазней супакойваюцца.
«Ангелец неяк запытаўся, маўляў, а ў вас наагул інтэрнэт ёсць? – працягвае Уладзь. – Шмат хто думае, што мы тут дагэтуль у зямлянках жывем сярод лесу, але гэта ж не так. Адначасна, ёсць рэчы, якія вельмі здзіўляюць замежнікаў. Напрыклад, на галоўнай плошчы ў нас стаіць гатэль Сямашкі, побач будуецца яшчэ адзін ягоны корпус, а перад імі – вялізны Дом купца Мураўёва пачатку ХХ ст. Будынак пусты ўжо амаль 30 год, шкло выбітае… Яны не вераць, што так бывае».
Агулам Уладзь лічыць, што горад не быў падрыхтаваны да бязвізу і ў плане інфраструктуры, і ў плане брэндынгу. Тое, што варта было рабіць загадзя, робіцца толькі зараз, наўздагон. А яшчэ бракуе атракцыяў, за якімі турыстам хацелася б вярнуцца ў горад над Нёмнам яшчэ раз. Агледзець гістарычны цэнтр, выпіць кавы, зірнуць на касцёлы ды магілу Ажэшкі можна і за адзін дзень. А што далей? У наступным жа годзе, калі наплыў турыстаў стане яшчэ большым, усе гэтыя ж пытанні стануць яшчэ больш востра.
АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu