Бязвіз у Горадні: новыя кавярні, мала грамадскіх прыбіральняў і расейскі бізнес


Ці прасыпаўся бязвіз залатым дажджом над Горадняй? Ці гатовы быў горад прыняць такую колькасць турыстаў? Чаго ім, турыстам, не хапае? У цэнтры адчыняюцца дзясяткі новых кавярняў ды бараў, але ці ўсё задавальняе ўласнікаў? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказу карэспандэнты Belsat.eu.

На вуліцах Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У выходныя дні ў Горадні ўсё часцей чуваць польскую, літоўскую ды ангельскую мову, асабліва ў цэнтры гораду. У 2017 годзе ў Горадні налічылі 53 тысячы бязвізавых турыстаў, у 2018-ым – 80 тысяч. Сёлета ў сярэдзіне чэрвеня ўжо сустрэлі 50-тысячнага турыста, канчатковая лічба з’явіцца бліжэй каталіцкіх калядаў.

З 10-га лістапада бязвізавыя тэрыторыі Горадні і Берасця аб’яднаюць у адну, дадаўшы яшчэ некалькі раёнаў, а сам тэрмін перабывання для замежнікаў падоўжаць з 10-ці да 15-ці сутак.

Этнатанцы праходзяць у дворыках у выходныя дні, пакуль цёпла.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Да нас заходзяць па каву па-паўстанцку, то бок – з самагонам»

Зразумела, што паток турыстаў спрыяе зменам у Горадні: ледзьве не кожны тыдзень тут адчыняюцца новыя кавярні ды рэстараны. З апошняга – рэстаран «Беласток» з традыцыйнай беларускай кухняй ды фірмовымі настойкамі, які, паводле экскурсаводаў, вельмі любяць палякі. Іншыя ўстановы, створаныя яшчэ перад масавым прыходам замежнікаў, спрабуюць не адставаць, прапануючы турыстам свае «фішачкі» або друкуючы польска- ды англамоўныя меню.

На вуліцах Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Да нас водзяць на экскурсію па каву па-паўстанцку, то бок – з самагонам, – распавядае Зміцер Захарка, уладальнік кавярняў «Наша Кава» ды «Справа». – Палякі ўжо і без экскурсавода сюды прыходзяць. Ёсць, прыкладам, гастранамічная экскурсія – да нас па каву па-паўстанцку, у іншае месца – па марозіва з грыбамі, дзесьці яшчэ на абед. Я бачу сэнс у гэтым: рабіць нешта эксклюзіўнае, а не бязлікае. Тады і людзі будуць вяртацца штораз».

Паводле Змітра, бязвіз не стаў для яго вырашальным штуршком, а новыя праекты (бар «Справа» адчыніўся сёлета ўлетку) – гэта хутчэй плён развіцця бізнесу ды больш лагоднае заканадаўства ў параўнанні з тым, што было некалькі год таму.

На вуліцах Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Калі адчынялі першую кавярню – прайшлі сем колаў пекла…»

«Зараз нашмат прасцей адкрыць невялічкую кавярню, – працягвае Зміцер. – Бярэш выведзеную з жылога фонду кватэру на першым паверсе і робіш. Калі ж мы адчынялі «Нашу Каву», першую кавярню, то прайшлі ўсе колы пекла… Падрастае маладое пакаленне, мабыць, гатовае рызыкаваць. І гэта добра. Можа, нехта і на нас паглядзеў, думаючы, што мы грошы рыдлёўкай грабем (смяецца)».

Дзяўчына робіць каву ў кавярні на Савецкай плошчы, што адчынілася сёлета.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

На думку Змітра, турыстам найперш цікавыя месцы, дзе можна добра паесці, асабліва калі гэта вялікая група з аўтобуса на 50 месцаў. Увечары цікава добра адпачыць з півам і танцамі. Ягоны ж профіль – кава, гарбата, віно, таму і арыентаваны ён больш на мясцовых ці турыстаў-самотнікаў. Разам з тым, у ягоных планах адчыніць з часам і піўны бар.

Кавярняў ды піцэрыяў шмат, але дзе пакаштаваць аўтэнтычнай кухні?
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Шоты «Ня быць скотам» ды «Маладая Беларусь» прапануюць… расейцы

Прагучыць дзіўна, але турыстаў кавярні часцяком цікавяць зусім не ў плане напояў, але… з-за прыбіральняў. У старым горадзе наўпрост катастрафічна не хапае грамадскіх прыбіральняў, а ў бары ці кавярні паводле закону персанал наўпрост не можа адмовіць чалавеку з вуліцы. Таму часам можна назіраць дзіўную карціну: спыняецца каля кавярні вялікі аўтобус, а гід вядзе дзясяткі людзей у прыбіральню бліжэйшай кавярні. Гаспадары не радыя, але што яны могуць зрабіць?

Кактэйлі паводле твораў нашых класікаў: Міцкевіч, Колас, Быкаў, Ажэшка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Уладальнікі кавярняў – гэта як мясцовыя дробныя камерсанты, якія толькі спрабуюць сябе ў гэтай справе, так і вопытныя гульцы з замежжа. Напрыклад, некалькі ўстановаў, што знаходзяцца ў Гандлёвым доме «Нёман» і побач («Большой буфет», «Крыша мира») належаць расейцам. Іншыя папулярныя ўстановы ў раёне Савецкай плошчы («Werden», «Svaboda») стваралі бізнесоўцы з Пецярбурга. Можа падацца дзіўным, але менавіта там можна сустрэць шоты «Ня быць скотам» ды «Маладая Беларусь», паспрабаваць кактэйлі паводле твораў нашых аўтараў: Міцкевіча, Танка або Коласа.

На пешаходнай Савецкай вуліцы ўлетку няспынна чуваць польскую, літоўскую ды ангельскую мовы.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Кніга скаргаў з падзякамі па-польску

«Турысты – гэта вельмі крутая тэма, – усміхаецца Тамаш Анікеіч, карэнны гарадзенец, уладальнік бару «Корица». – Могуць зайсці кампаніяй у 15-20 чалавек, добра пасядзець да закрыцця ўстановы. Палякаў заходзіць шмат. У мяне ўжо кніга скаргаў і прапановаў сканчаецца – столькі запісаў з падзякамі, шмат таксама і па-польску. Пытанне мовы не стаіць: яны спытаюць па-польску, мы адкажам – усе адзін аднаго разумеюць».

Начное жыццё гораду. Культавы бар «Корица» пасля рамонту.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Часам у барах старога гораду ўзнікаюць праблемы з уласнікамі кватэраў, якія месцяцца ў тых жа камяніцах. Калі, скажам, бар працуе да 2-ой ці 4-ай ночы, жыхары скардзяцца на гучную музыку ці шум. У выніку, улады змушаныя абмяжоўваць час працы ўстановы да 23.00, а гэта фактычна «забівае» бізнес: у гэты час, асабліва ў выходныя, толькі пачынаецца наплыў гасцей.

Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: вялікая колькасць жылых кватэраў у старых камяніцах стрымлівае развіццё рэстараннага бізнесу, часцяком пазбаўляе ўласніка – прыбытку, супрацоўнікаў – працы, а дзяржаву – падаткаў.

Начное жыццё гораду. Культавы бар «Корица» пасля рамонту.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Надпісам «Горадня» на талерцы турыста не зацягнеш»

Што вязуць бязвізавыя турысты дадому? Літоўцы і латышы – лён, лекі, абутак (шануюць «Марка» і «Белвест»), касметыку ад «Беліта», бялізну, слодычы. Элітнага алкаголю Беларусь ім фактычна прапанаваць не можа: наша старка ў параўнанне з іхнымі адпаведнікамі не ідзе. Палякі ж часцяком купляюць звычайную гарэлку, спрабуюць правезці таксама сыркі ў шакаладзе ды сала (хоць гэта і забаронена). Паводле экскурсаводаў, як не дзіўна, палякі шукаюць у Горадні матрошкі.

Гандляр сувенірамі на вуліцы Савецкай.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Паводле Андрэя Несцяровіча, уласніка этнакрамы «Цудоўня», заходзіць багата палякаў ды расейцаў, менш – літоўцаў, бываюць таксама і немцы, і французы, і госці з ЗША. Калі заходзіць група, то людзі, зазвычай, нават часу не маюць паглядзець асартымент – хіба набыць пару магнітаў. Таму разлік ідзе найперш на індывідуальных турыстаў, якія нікуды не спяшаюцца і не баяцца адстаць ад экскурсавода.

«Калі да мяне заходзяць 15 палякаў, з імі сыходзіць 5 магнітаў, – распавядае Андрэй. – Калі ж прыйдзе адзін разважлівы немец, то пойдзе некалькі саколак, скураны заплечнік, нешта з керамікі, страла з крамянёвым наканечнікам… Бываюць турысты-меламаны, з якімі можна доўга гутарыць, слухаць музыку, а пасля яны забяруць палову дыскаграфіі Кірчука з этнаспевамі».

Этнакрама «Цудоўня» – сюды турысты ідуць за сувенірамі, кнігамі ды аўтэнтыкай.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Паводле Андрэя, зусім не надпісам «Горадня» ці выявай Каложскай царквы на пластыкавым магніціку варта прыцягваць турыстаў, але атмасфернымі мясцовымі рэчамі: чорнай керамікай, літымі ўпрыгожаннямі паводле археалагічных знаходак, аўтэнтычнымі вырабамі са скуры і шкла.

Пафасны гатэль Сямашкі, а побач – пустая камяніца з пабітым шклом

Напрыканцы мы вырашылі пагутарыць з экскурсаводам Уладзем, які папрасіў не называць ягонага прозвішча, бо экскурсіі ён водзіць без ліцэнзіі. Гэта, дарэчы, таксама знак часу: каб не губляць часу на афіцыйнае афармленне праз здачу экзамену ды не плаціць падаткаў, шмат хто з гарадзенцаў водзіць замежнікаў па горадзе «пад чорным сцягам».

Фарны касцёл са старадаўнім гадзіннікам – сімвалам гораду.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Шмат адчыняецца кавярняў і гэта добра, – кажа Уладзь. – Але дзе рэстарацыі, каб паесці? Іх вобмаль. Традыцыйная беларуская кухня найчасцей зводзіцца да… бульбы. А дзе сала? Дзе свой фірмовы алкаголь? Ну і кошты ў нас еўрапейскія – варшаўскія. Бачаць, што турысты едуць, і думаюць, што тыя сюды мяхі грошаў вязуць, будуць гуляць на шырокую нагу. А прагматычны еўрапеец глядзіць на кошты, пералічвае і яго жах бярэ. У тым жа Львове ўсё танней нашмат, а сэрвіс лепшы».

Уладзь кажа, што адзін з плюсаў бязвізу – гэта разбурэнне стэрэатыпаў пра Беларусь як «апошнюю дыктатуру». Людзі, здараецца, прыязджаюць з лёгкай бояззю, але пазней супакойваюцца.

Палякі не могуць зразумець, як «Дом Мураўёва» можа пуставаць на галоўнай плошчы ўжо 30 год.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Ангелец неяк запытаўся, маўляў, а ў вас наагул інтэрнэт ёсць? – працягвае Уладзь. – Шмат хто думае, што мы тут дагэтуль у зямлянках жывем сярод лесу, але гэта ж не так. Адначасна, ёсць рэчы, якія вельмі здзіўляюць замежнікаў. Напрыклад, на галоўнай плошчы ў нас стаіць гатэль Сямашкі, побач будуецца яшчэ адзін ягоны корпус, а перад імі – вялізны Дом купца Мураўёва пачатку ХХ ст. Будынак пусты ўжо амаль 30 год, шкло выбітае… Яны не вераць, што так бывае».

Гатэль алігарха Сямашкі ўжо працуе, а за ім будуецца чарговы корпус.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Агулам Уладзь лічыць, што горад не быў падрыхтаваны да бязвізу і ў плане інфраструктуры, і ў плане брэндынгу. Тое, што варта было рабіць загадзя, робіцца толькі зараз, наўздагон. А яшчэ бракуе атракцыяў, за якімі турыстам хацелася б вярнуцца ў горад над Нёмнам яшчэ раз. Агледзець гістарычны цэнтр, выпіць кавы, зірнуць на касцёлы ды магілу Ажэшкі можна і за адзін дзень. А што далей? У наступным жа годзе, калі наплыў турыстаў стане яшчэ большым, усе гэтыя ж пытанні стануць яшчэ больш востра.

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў