Будслаўскі фэст унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва


Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО адзінагалосна прыняў рашэнне аб уключэнні беларускага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Урачыстасць у гонар шанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Будслаўскі фэст – гэта адзін з сімвалаў беларускай ідэнтычнасці, урачыстасць, якая адбываецца ў атмасферы ўсеагульнай павагі і сяброўства, аб’ядноўвае розныя групы людзей, незалежна ад іх рэлігійных поглядаў, сацыяльнага статусу і гендарных адрозненняў, паведамляе сайт МЗС.

Сёлета Беларусь таксама накіравала на разгляд камітэту ЮНЭСКО прапанову аб уключэнні «Вясновага абраду «Юроўскі карагод» у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята камітэтам у снежні наступнага году.

У 2009 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО ўжо быў уключаны беларускі святочны калядны абрад «Калядныя цары» у вёсцы Семежава, што ў Капыльскім раёне, Менскай вобласці.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў