Каралева Вялікай Брытаніі Элізабэт II ухваліла план прэм’ер-міністра Барыса Джонсана аб прыпыненні працы парламента. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.
Рашэнне аб прыпыненні працы парламента набудзе моц паміж 9 і 12 верасня і будзе доўжыцца да 14 кастрычніка.
У сераду ўрад Вялікай Брытаніі звярнуўся да каралевы з просьбай прыпыніць працу парламента. У якасці падставы для гэтага захаду прэмʼер-міністр Джонсан выкарыстаў працэдуру падрыхтоўкі і апублікавання новай праграмы ўрада.
Гэты крок прэмʼер-міністра абурыў ягоных апанентаў у парламенце. Яны лічаць, што ён пазбавіць іх магчымасці паўнавартасна ўдзельнічаць у працэсе «брэкзіту», і называюць паводзіны кіраўніка ўрада антыканстытуцыйным.
Джонсан падкрэслівае: заявы пра тое, што намер прыпыніць працу парламента выкліканы жаданнем вывесці Брытанію з Еўразвязу без пагаднення – «поўная няпраўда».
Барыс Джонсан раней заяўляў, што хацеў бы, каб Брытанія выйшла з ЕЗ з пагадненнем, але калі дамовы не будзе, краіна ўсё роўна пакіне Еўразвяз 31 кастрычніка. Гэтая пазіцыя заахвоціла шэраг апазіцыйных дэпутатаў абʼяднацца, каб паспрабаваць сарваць планы Барыса Джонсана і заблакаваць магчымы «жорсткі брэкзіт», выкарыстоўваючы для гэтага парламенцкі працэс. Аднак у выніку прыпынення працы ў дэпутатаў будзе ўсяго некалькі дзён на наступным тыдні, каб дамагчыся зменаў.
Прыпыненне працы не тое ж самае, што роспуск парламента. Дэпутаты захоўваюць свае месцы, але ніякія абмеркавання і галасавання ў парламенце не праводзяцца.
ІІ belsat.eu