Больш за дзве асобы не збірацца. Польшча прымае радыкальныя захады

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі абвесціў пра чарговыя абмежаванні ў сувязі з эпідэміяй каронавірусу.

«Мы бачым, што гэта патрэбна і неабходна, каб засцерагчыся ад сітуацыі, калі каронавірус будзе распаўсюджвацца, як у Італіі ды Іспаніі», – падкрэсліў прэм’ер-міністр падчас прэс-канферэнцыі.

Улады Польшчы ўводзяць абмежаванні на перамяшчэнні. З дому можна выходзіць у краму па харчы, каб адведзіць блізкіх сваякоў, у аптэку, да лекара ды выводзіць на шпацыр сабакаў. Таксама асобы, што маюць працу, якую немагчыма выконваць дыстанцыйна, будуць мець права выходзіць на вуліцу, каб дабрацца да месца працы і вярнуцца дамоў. Пад забарону перамяшчэнняў не падпадаюць валанцёры, што дапамагаюць у барацьбе з эпідэміяй.

Пустыя вуліцы Беластоку. Фота: Michal Kosc / Forum

Прэм’ер-міністр таксама паведаміў пра забарону выходзіць на вуліцу у групах большых за дзве асобы (за выключэннем сем’яў). У транспарце ўсе пасажыры мусяць сядзець, а не стаяць і саблюдаць адлегласць «праз месца для сядзення» ад іншых пасажыраў. Умоўна, калі аўтобус разлічаны на 70 месцаў для сядзення, то ехаць у ім можа 35 чалавек. На пахаваннях і хрысцінах не можа быць больш за 5 чалавек (акрамя служак).

Кантраляваць захаванне правілаў будзе паліцыя, штраф за парушэнне – да 5 тыс. злотых (каля 1,5 тыс. еўраў). Новыя правілы ўваходзяць у жыццё ад 25 сакавіка.

«Перад намі вельмі цяжкая фаза, таму што новыя абмежаванні будуць моцна ўплываць на нашае штодзённае жыццё. Усе справы, акрамя выхаду ў краму па харчы, у аптэку па лекі ды выхад з сабакам на кароткі шпацыр, трэба адкласці», – дадаў Маравецкі.

На сённяшні дзень у Польшчы 9 асобаў памерлі ад наступстваў інфекцыі, у краіне зарэгістравана 774 выпадкі заражэння. 20 сакавіка ўлады Польшчы абвесцілі пра стан эпідэміі.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны