У Берасці сёння прайшоў чарговы пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Выйшлі 300 чалавек, нікога не затрымалі.
Opublikowany przez Белсат TV Niedziela, 7 kwietnia 2019
Хваля ўладных рэпрэсіяў да праціўнікаў акумулятарнага заводу не спалохала берасцейцаў, на традыцыйнае кармленне галубоў на плошчу Леніна 7 красавіка прыйшлі больш як 300 чалавек.
Улады паспрабавалі размыць пратэст спартыўным святам «Наперад да Еўрапейскіх гульняў», туды запрасілі школьнікаў, але гэтая акцыя ў выніку ніяк не перашкодзіла пратэсту.
Людзі на плошчы абмяркоўвалі заведзеную на гэтым тыдні крымінальную справу супраць Майсея Мазька, арышт яго сына. Праціўнікі заводу ўпэўненыя, што гэта правакацыя мясцовай улады.
– Я больш не давяраю міліцыі і ўладзе, раней давяраў ДАІ, але зараз бачу, на якія брудныя правакацыі яны здольныя, – кажа «Белсату» адзін з удзельнікаў пратэсту.
Пасля традыцыйнага кармлення галубоў на плошчы пратэстоўцы калонай прайшлі па вуліцах Пушкінская і Савецкая і працягнулі свой маршрут да плошчы каля ЦУМу. Па ходзе руху пратэстоўцы скандавалі: «Не заводу».
Міліцыянты ў цывільным і ў форме назіралі за тым, што адбываецца, з боку і ніякіх актыўных дзеянняў не прадпрымалі. Але перад самым пачаткам акцыі быў затрыманы берасцеец Аляксандр Казлянка, ён ехаў у цэнтр гораду на ровары, міліцыя затрымала Казлянку на падставе таго, што ў яго нібыта крадзены ровар. Аляксандра даставілі ў Маскоўскі РАУС і праз дзве гадзіны адпусцілі.
– Людзі стаміліся маўчаць, людзі абураныя, што ўлада іх не чуе, таму ціхія пратэстныя акцыі сталі гучнымі, – заявіў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.
Першы раз на плошчы Леніна берасцейцы сабраліся 25 лютага мінулага году. З таго часу людзі выходзяць на плошчу кожную нядзелю, пішуць скаргі і звароты, сабралі 40 тысяч подпісаў, але ўлады робяць выгляд, што нічога не адбываецца.
Акумулятарны завод пад Берасцем ужо фактычна пабудаваны, яго запуск планаваўся ў сакавіку, але ён так і не быў запушчаны. Камісія, якая прымала завод у лютым, так і не прыняла першую чаргу аб’екту. Як нам стала вядома, прыёмачная камісія зноў будзе працаваць на заводзе з 11 да 21 красавіка.
АС, фота аўтара belsat.eu