Затрыманне Мазька - правакацыя ўладаў, лічаць родныя актывіста


Родныя і блізкія актывіста Майсея Мазька, які з’яўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем, перакананыя, што яго затрыманне – правакацыя.

Ірына Мазько, нявестка актывіста выказала сваё меркаванне ў чаце праціўнікаў будаўніцтва заводу, піша spring96.org.

«Здарылася тое, што здарылася… Я нікога ні да чаго не заклікаю, я проста разважаю ўслых. Няўжо кожнаму з Вас, каго я ведаю добра і каго ведаю не так блізка, абыякава – чым будуць дыхаць Вашы дзеці, бацькі, родныя і блізкія людзі? Няўжо Вам абыякава – будуць яны здаровыя ці не? Няўжо ў Вас няма ўласнага меркавання, а толькі страх?», – задае пытанні Ірына Мазько.

Жанчына ўпэўненая, што ўлады хочуць дыскрэдытаваць самага Майсея Мазько і актывісцкія пратэсты ў цэлым.

«Змяніць і дамагчыся можна шмат чаго, калі адчуваеш падтрымку! Асабіста ў мяне страху няма, і я ўсё яшчэ веру, што кожны з Вас спытае сябе: навошта я жыву і што я магу даць сваім дзецям? Светлую будучыню ці… Вырашаць Вам», – адзначае Ірына Мазько.

Нагадаем, 2 красавіка ў другой палове дня ў машыне, за рулём якой ехаў актывіст Майсей Мазько, знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, вонкава падобны на запал выбуховага прыстасавання. На актывіста заведзена крымінальная справа. Праваабаронцы і актывісты з Берасця лічаць, што гэта правакацыя.

Жыхар вёскі Тэльмы Берасцейскага раёну Майсей Мазько зʼяўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацыяў і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

СК belsat.eu

Стужка навінаў