БНК заклікаў на малебен да Адміністрацыі Лукашэнкі. ОНЛАЙН


Беларускі нацыянальны кангрэс ладзіць малебен за «збаўленне ад злога» – акцыя праходзіць будынку Адміністрацыі прэзідэнта.

У акцыі прынялі ўдзел 13 чалавек. Актывістка Ніна Багінская прыйшла з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам «Свабоду народу» на спіне.

Міліцыя папярэдзіла, што акцыя несанкцыянаваная і нагадала пра адказнасць. Аднак удзельнікаў малебну не затрымлівалі.

Аднак, паводле непацверджанай інфармацыі, сілавікі прэвентыўна маглі затрымаць актывістаў Яўгена Афнагеля і Сяргея Спарыша.

Акцыя ля адміністрацыі Лукашэнкі. Фота – Арцём Лява, belsat.eu
Акцыя ля адміністрацыі Лукашэнкі. Фота – Арцём Лява, belsat.eu
Акцыя ля адміністрацыі Лукашэнкі. Фота – Арцём Лява, belsat.eu
Акцыя ля адміністрацыі Лукашэнкі. Фота – Арцём Лява, belsat.eu
Ніна Багінская ля адміністрацыі Лукашэнкі. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

У першую чаргу, паводле арганізатараў, малебен будзе прысвечаны знішчэнню ўладамі крыжоў у Курапатах.

«Лукашэнка працягвае знішчэнне Мемарыяла памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах… Па загадзе дыктатара-вар’ята па магілах расстраляных беларусаў ездзіць будаўнічая тэхніка. Зламаныя і апаганеныя больш за 150 крыжоў, усталяваных на пахаваннях людзьмі, якія шануюць памяць», – гаворыцца ў прэс-рэлізе БНК.

Акрамя таго, акцыя мае на мэце нагадаць грамадству пра палітыкаў і актывістаў, якія цяпер адбываюць адміністрацыйнае пакаранне: Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага. Арганізатары просяць, каб людзі прыносілі крыжы, свечкі і абразы, каб «разам памаліцца за збаўленне нашай краіны ад злога, і за кінутых за краты абаронцаў веры».

Раней БНК заклікаў кожную нядзелю выходзіць на малебен да Свята-духавага кафедральнага сабору ў Менску, каб выказаць нязгоду з руйнаваннем крыжоў у Курапатах.

Кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі крытыкуе фармат, прапанаваны БНК.

«Я лічу, што трэба малебны праводзіць у Курапатах, дзе ляжаць дзясяткі тысяч бязвінна расстраляных людзей. А ісці да галоўнага крыжадзёра – я гэта прыняць не магу. Тое ж датычыць і кафедральнага сабору, акупаванай РПЦ маёмасці, якая насамрэч зʼяўляецца старажытнаўніяцкім храмам… Адзіны прымальны для мяне фармат – маліцца ў саміх Курапатах», – сказаў Чахольскі ў каментары belsat.eu

Нагадаем, на мінулым тыдні актывісты аднеслі ў прыёмную Адміністрацыі зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем вярнуць на месца знесеныя крыжы.

Hавiны
Усё, што вядома пра знос крыжоў у Курапатах. Максімальна коратка
2019.04.04 15:16

KA belsat.eu

Стужка навінаў