Усё, што вядома пра знос крыжоў у Курапатах. Максімальна коратка


Сёння раніцай ва ўрочышчы Курапаты па рашэнні ўладаў дэмантавалі драўляныя крыжы, якія раней актывісты ўсталявалі на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў.

Адмысловае выданне «Студыі «Белсат» а 20:00

Увечары 3 красавіка сустаршыня БХД Павел Севярынец паведаміў у Facebook, што ў Курапаты прыязджалі чыноўнікі. Ён сцвярджаў, што ўлады збіраюцца паставіць там агароджу.

  • А 10-й раніцы 4 красавіка Севярынец прыехаў у Курапаты і ўбачыў, як працаўнікі спецлясгасу выкопвалі экскаватарам вялікія драўляныя крыжы, што стаялі з боку рэстарацыі «Паедзем, паядзім».Тэрыторыя была ачэпленая, па перыметры дзяжурылі міліцыянты. Севярынец пачаў весці стрым, але яго затрымаў АМАП.
Фота belsat.eu

Неўзабаве на месцы з’явіўся актывіст Зміцер Дашкевіч, які летась удзельнічаў ва ўсталяванні мемарыяльных крыжоў. Ён таксама быў затрыманы. Вядома пра затрыманне старшыні Маладога фронту Дзяніса Урбановіча, а яшчэ Філіпа Шаўрова, Валера Рабцава, Валянціны Яроменак. «Белсат» стаў сведкам брутальнага затрымання Ніны Багінскай. Пазней у міліцыі паведамілі пра 15 затрыманых у Курапатах, перадае БелаПАН.

Пакуль крыжы выкопвалі і звазілі ў невядомым кірунку, міліцыянты (і ў форме, і ў цывільнай вопратцы) перашкаджалі журналістам працаваць: калі фатограф «Белсату» паспрабавала зняць затрыманне Ніны Багінскай, чалавек у цывільным адцягнуў яе за рукаў.

Аляксандр Мірановіч.
Фота: «Белсат»
  • Прысутны на месцы дырэктар Бараўлянскага спецлясгасу Аляксандр Мірановіч адмовіўся ад любых каментароў прэсе. «Звяртайцеся ў прэс-цэнтр», – заявіў ён. Пры гэтым Мірановіч пракаментаваў падзеі ў Курапатах дзяржаўнаму агенцтву БелТА, назваўшы крыжы «незаконнымі спарудамі», якія дэмантуюць у межах «другога этапу добраўпарадкавання» тэрыторыі ўрочышча.

Прыкладна а 12.00 прыехала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Яна паспрабавала высветліць, ці ёсць у лясгасу дакументы на працы ва ўрочышчы дэмантаж крыжоў. Спачатку Мірановіч адмовіўся гаварыць з ёй перад камерамі журналістаў, а потым сказаў, што «дакументаў няма». Канапацкая назвала такую рэакцыю «няведаннем закона», бо лясгас абавязаны быў мець дакументы і прадставіць іх дэпутатцы па першым яе патрабаванні. Канапацкая кажа, што будзе звяртацца ў Міністэрства лясной гаспадаркі.

  • Прадстаўнікі трох канфесіяў пракаментавалі дзеянні ўладаў у Курапатах. Кіраўнік Каталіцкага касцёлу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў тэрмінова прыпыніць знос крыжоў, грэка-католікі назвалі тое, што адбываецца сёння «крыжаломам», прэсавы сакратар БПЦ Сяргей Лепін у каментары Радыё Свабода таксама выказаў занепакоенасць.

Цяпер будаўнікі з Заслаўя пад кантролем лясгасу і ў міліцэйскім ачапленні ўсталёўваюць на месцы, дзе стаялі крыжы, плот-сетку.

  • Афіцыйных каментароў Мінлясгасу і Мінкультуры (Курапаты з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю» на момант публікацыі няма.
Абноўлена
У Курапатах знесеныя 70 крыжоў і затрыманыя 15 асобаў. Абноўлена
2019.04.04 10:09

КА belsat.eu

Стужка навінаў