Блогераў Кабанава і Пятрухіна перавялі ў СІЗА-1

Берасцейцаў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава перавялі ў следчы ізалятар на Валадарскага ў Менску, паведамляе «Берасцейская Вясна».

Берасцейцаў абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія група парушаюць грамадскі парадак або актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК). Справа датычыць падзеяў у Горадні 29 траўня, калі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі.

У Пятрухіна ёсць адвакат, яму здолелі перадаць прадукты. У Кабанава адваката пакуль няма, яму таксама патрэбныя прадукты і лекі для страўніка.

Супраць Аляксандра Кабанава, імаверна, распачатая крымінальная справа

Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала патрабаваць ад Сяргея Ціханоўскага, каб ён адказаў на яе пытанні, блогер у сваю чаргу адмаўляўся адказваць і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. Ціханоўскага і яшчэ каля 10 чалавек затрымалі. Пазней Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ васьмі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 КК. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі восем асобаў, якіх вінавацяць выключна паводле арт. 342: Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Вяргілія Ушака, Змітра Фурманава, Васіля Баброўскага, Аляксандра Арановіча, Андрэя Новікава і Уладзіміра Навуміка. Цяпер да іх дадаліся Уладзімір Няронскі і Сяргей Пятрухін. Яшчэ двух фігурантаў справы – Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку – палітвязнямі пакуль не прызналі. Іх вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў.

МГ belsat.eu

Hавiны