18 чэрвеня памежнікі ў Маларыцкім раёне злавілі кантрабандыстаў, якія вазілі ў Беларусь мяса з Украіны.
На кантрабандзе мяса быў пабудаваны бізнес некалькіх мясцовых жыхароў. У памежнай зоне службоўцы далі сігнал спыніцца, але кантрабандысты праігнаравалі і паспрабавалі з’ехаць. Праз непадпарадкаванне памежнікі вырашылі ўжыць зброю. У выніку яны спынілі тры аўтамабілі.
Падчас агляду транспартных сродкаў высветлілася, што жыхары Маларыцкага раёну спрабавалі перавезці з Украіны ў Беларусь 44 тушы буйной рагатай жывёлы. Рабілі яны ўсё гэта па-за межамі пунктаў пропуску.
«Гэтая партыя перавозілася без выканання санітарных патрабаванняў і, адпаведна, не прайшла абавязковага ветэрынарнага і санітарнага кантролю», – паведамляюць у Памежным камітэце.
За незаконнае перасячэнне мяжы, парушэнне памежнага рэжыму і непадпарадкаванне службовым асобам затрыманым пагражаюць штрафы да 100 базавых велічыняў. Да таго ж некалькі пратаколаў склалі і супрацоўнікі ДАІ.
Далучыліся да справы і мытнікі. Сканфіскаванае мяса перадалі менавіта ім. Яны таксама разгледзяць сітуацыю з пункту гледжання мытнага заканадаўства.
ГА, belsat.eu