«Белсат» на дэтэктары хлусні праверыць палітыкаў перад выбарамі


«Шчыра кажучы» – новы цыкл відэаінтэрв’ю з выкарыстаннем паліграфа і псіхалагічнага аналізу. Зміцер Міцкевіч і Станіслаў Івашкевіч з камандаю праграмы «Давайце разбірацца» сустрэнуцца ў студыі з палітыкамі ды актывістамі, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі. Ці кажуць праўду людзі, якія кінулі выклік Аляксандру Лукашэнку?

Станіслаў Івашкевіч і Зміцер Міцкевіч у студыі праграмы

Дэтэктар хлусні будзе ацэньваць ступень шчырасці суразмоўцаў Змітра Міцкевіча.

«Мы правяраем палітыкаў, актывістаў і інфлюэнсэраў на паліграфе з мэтаю дабіцца праўдзівых адказаў на пытанні, якія цікавыя для ўсіх нашых гледачоў і ўвогуле важныя для разумення цяперашняй сітуацыі ў краіне. Мы не толькі даем вынікі адказаў на паліграфе, але таксама вядзем адкрытую размову, каб удакладніць і максімальна растлумачыць усе пытанні», – распавядае вядоўца Зміцер Міцкевіч.

Акрамя паліграфа, міміку і жэсты гасцей студыі будзе аналізаваць псіхолаг.

«Ён зверне ўвагу на мову цела і на паводзіны герояў праграмы. Псіхолаг патлумачыць, наколькі госць быў шчыры, калі даваў адказы», – тлумачыць вядоўца праграмы.

Зміцер Міцкевіч і паліграфолаг Сяргей Малікаў

Частку інтэрв’ю ўжо запісалі. Зміцер Міцкевіч дзеліцца свежымі ўражаннямі:

«Былі вельмі нечаканыя адказы і пра карупцыю ў сілавых структурах, і пра магчымую канфрантацыю арміі з МУС падчас масавых пратэстаў. Таму абавязкова глядзіце праграму «Шчыра кажучы» – настолькі шчырай і адкрытай палітыка ў Беларусі яшчэ не была».

Вобраз героя праграмы дапоўніць відэасюжэт пра яго. Міні-дасье пакажуць перад інтэрв’ю.

Аўтары цыклу кажуць, што калі б у студыю прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, да яго было б столькі пытанняў, што ніякай праграмы не хопіць. Пачынаючы ад забойства палітычных апанентаў кіраўніка краіны да вельмі падазроных схемаў з вывадам грошай з Беларусі ды інтэграцыйных дамоваў з Крамлём.

Што скажа паліграф: хто будзе заклікаць на плошчу 9 жніўня, хто – да байкоту, а хто мае іншы план? Глядзіце першыя выданні цыклу «Шчыра кажучы» з 10 да 12 ліпеня а 21:20, каб вы змаглі паверыць свайму кандыдату.

Наста Ільіна, belsat.eu

Стужка навінаў